
Памяці Анатоля Іванавіча Храноўскага
Анатоль Іванавіч Храноўскі (3.03.1934 – 31.03.2020), добравядомы дзеяч беларускай эміграцыі ў Паўночнай Амерыцы, пакінуў нас 31 сакавіка 2020 года. Анатоль Іванавіч Храноўскі нарадзіўся 3 сакавіка 1934 года ў Слоніме. Пасьля другой сусьветнай вайны разам з бацькамі вымушана апынуўся на Захадзе, а з 1949 года прыехаў у Манрэаль, дзе правёў найбольш актыўную частку свайго жыцьця. Анатоль Іванавіч Храноўскі пакінуў пасля сябе цудоўную сям’ю, жонку Крыстыну, дачок, Ларысу і Алёну, сыноў Антона і Рыгора, унукаў.
Анатоль Іванавіч Храноўскі
(ля свайго дома ў Саттон, 2006)
Ён быў выключна працавітым і здольным чалавекам, больш таго – грунтоўным, меў сілы збудаваць дом і катэдж, адчыніць дзьверы для добрага жыцьця сваім дзецям. Сп. Анатоль Храноўскі быў чалавекам шырокай і шчодрай душы, надзелены богам і прыродай розумам, які яднаў яго разам з сям’ёй і з радзімай, што засталася за акіянам.
Калі казаць пра грамадскае, беларускае жыцьцё Анатоля Іванавіча ў Канадзе, то трэба ў першую чаргу сказаць, што ён быў сябрам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. На мой погляд ім было зроблена настолькі шмат для беларускай справы ў Манрэалі, што ён меў адмысловае права, як ніхто іншы, быць у складзе нашага парламента і ўрада БНР на выгнаньні. У 1989 годзе ён арганізаваў Згуртаваньне Беларусаў у Квебеку, якое узначальваў на працягу 25 гадоў. Кожны год у Манрэалі адзначаліся Дні незалежнасьці БНР, куды таксама часам прыязджалі беларусы з Атавы і Таронта. Дзякуючы яго намаганьням беларусы былі прадстаўлены на розных значных падзеях і мерапрыемствах, дзе ўдзельнічалі людзі розных культур, што жывуць у Канадзе; у прыватнасьці пры яго непасрэдным удзеле і з яго ініцыятывы былі арганізаваны беларускі куточак ў Saint Joseph Oratorium (Montreal), беларуская частка выставы ў музеі розных культур у Rawdon.
Сьвяткаваньне 25 сакавіка
(Манрэаль, 1 красавіка 2001 г.)
Шмат чаго іншага было зроблена ім на карысьць беларускай справы, у прыватнасці, ён выдаваў друкаваны часопіс “Прамень”, які рэгулярна рассылаўся ім за кошт уласных сродкаў. Сябры Згуртавання беларусаў Квебеку прымалі ўдзел у палітычных акцыях пратэста ў Манрэалі і Атаве. У прыватнасці, 17 кастрычніка 1999 г. і 16 сакавіка 2000 г. больш як 20 прадстаўнікоў з Атавы, Манрэалю й Таронта ўдзельнічалі ў пікетах “Марш Свабоды” ля амбасады Беларусі ў сталіцы Канады; 6 красавіка 2003 г. у канадыйскай сталіцы ля расейскай амбасады адбылася дэманстрацыя супраць планаванага аднаўленьня саюзу Расеі і Беларусі.
Тытульны ліст штоквартальнага часопіса “ПРАМЕНЬ”.
На пікеце ў абарону дэмакратыі ў Беларусі
(ля беларускай амбасады ў Аттаве, 16 сакавіка 2000 г.)
Сям’я ў жыцьці кожнага чалавека адыгрывае важнейшую роль. Сям’я ж Анатоля Храноўскага выключная яшчэ і ў тым, што прымала самы актыўны ўдзел у жыцьці беларусаў у Манрэалі і Квебеку, дзе лідэрам быў Анатоль Храноўскі. У першую чаргу, галоўным памочнікам Анатоля ва ўсіх беларускіх справах ёсьць ягоная жонка Крыстына. Дзякуючы ёй і Анатолю ў сям’і падтрымліваліся беларуская мова, традыцыі і беларускі дух.
Залатое вясельле. Крыстына і Анатоль Храноўскія з дзецьмі
(Манрэаль, 2009)
Некалькі разоў давялося быць у гасцінным доме спадарства Храноўскіх у Саттон, адзначыць парадак і надзейнасць збудаваных ім пастроек – хаты, гаража, студыі, бібліятэкі, лазні, прыбудоў. У 2008 годзе з задавальненнем правёў цэлы творчы тыдзень у яго доме ў Саттон рыхтуючы зборнік вершаў «Крыніца».
Ён быў вельмі шчодрым і шчырым беларусам. Шмат дапамагаў землякам беларусам матэрыяльна, у прыватнасці ў выданьні кніг. Ён перадаў некалькі соцен кніг са сваёй бібліятэкі у Цэнтр беларускіх даследаванняў у Канзасе. Энэргія і арганізаваннасць сп. Храноўскага, разам з актыўнай падтрымкай яго сям’і, доўгі час былі асноўнай сілай беларускага жыцьця ў Манрэалі.
Усе хто ведалі сп. Анатоля Іванавіча Храноўскага будуць заўжды цёпла яго ўспамінаць.
Светлая памяць.
Пётра Мурзёнак,
Атава, 28 красавіка 2020года
НАДЗЕЯ (ода)
Анатолю Храноўскаму
Спяём для славутых мы волатаў гімны,
Аб справах і чыннасцях добрых і дзіўных.
Чыталі аб іх у дзяцінстве мне казкі,
Спаткаць іх пазней меў таксама я ласку.
Гулянкі вялі ў Каваля-Вярнідуба,
Мацнейшы ён быў за пушчанскага зубра,
Каваў ён падковы, сярпы і нарогі
Ды ворагаў лёгка мог ставіць на рогі.
У краі, не ў казцы, вядома між намі,
Заступнікі волі вяліся вякамі;
Князі Чарадзей ды Міндоўг, пазней Вітаўт,
Ягайла з усёй каралеўскаю світай.
У шэрагах іх ваявода Астрожскі,
Паўстанцы Касцюшка, за ім Каліноўскі,
Адважныя воіны слаўнага Слуцка,
Героі з-пад Слоніма, Полацка, Друцка.
Усе на зямельцы узрошчаны нашай.
А колькі яшчэ у яе назапашана!
На дзіва красуе народ да сягоння,
Не вырве ніхто з рук ягоных «Пагоні».
Ну й што, што бываюць маўклівыя часам –
Задоўга былі пад варожым абцасам,
То вынік іх мудрасці сцятай вякамі
Бо болей пра добрае скажуць вачамі.
Прыгожыя целам і моцнай душою,
Як твораць асобна ці ўсёй талакою:
Будуюць – дык Вежу, і жыта пасеюць,
І кросны змайструюць, на скрыпцы умеюць.
У вёсцы заўсёды заўважыш іх хату –
Прыгожы будынак, на выгляд багаты,
Высокі падмурак і зруб шаляваны,
Вароты надзейныя, памаляваны.
Кругом ў панадворку чысцюткі парадак,
Пад шнур ў агародзе красуюцца грады,
У садзе дагледжаным яблыкі, слівы,
З вулькоў вылятаюць пчолы руплівыя.
Сям’я выглядае і моцнай, і здатнай,
Спадар з гаспадыняй жывуць на выдатна,
У хату як зойдзеш – заўсёды прыбрана,
Дзеці і ў будні прыгожа убраныя.
Шануюць дзядоўскія звычаі годна,
З людзьмі размаўляюць на мове народнай,
І не забываюць гісторыю краю –
Усё, што сапраўдны народ кожны мае.
І хоць і няшмат такіх сёння сустрэнеш,
Надзеі на іх у Радзімы не меней
Бо ў іх нашай волі і сілы крыніца –
Такімі зямля-Беларусь ганарыцца!
Пётра Мурзёнак
Атава, 21 жніўня 2008 года
Каментарыi адключаны.