У Канадзе ўшанавалі памяць Мітрапаліта Мікалая
(артыкул абноўлены)
28 траўня 2017 г. у Беларускім Грамадзка-Рэлігійным Цэнтры горада Таронта адбылася Ганаровая Акадэмія з нагоды 100-годзьдзя Мітрапаліта Мікалая – Першагэрарха Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы у 1983 – 2002 г. У прыбранай па-сьвяточнаму залі Цэнтру сабраліся ўшанаваць памяць Уладыкі Мікалая тыя, хто яго ведаў як сьвятара, як чалавека, хто разам зь ім сваім асабістым удзелам у грамадзка-рэлігійным жыцьці беларускіх асяродкаў дапамагаў Царкве, стаяў побач з Уладыкам Мікалаем у справе прасоўваньня Беларушчыны ў замежжы і на Бацькаўшчыне. Са сталіцы Канады Атавы для ўдзелу ва ўрачыстасьцях прыбылі Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, група сябраў Атаўскага адзьдзелу Згуртаваньня Беларусаў Канады на чале са Старшынём Галоўнае Ўправы аддзелу Пётрам Мурзёнкам. З антарыйскага горада Бэры – Старшыня Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады доктар Руслан Качаткоў. З Таронта ў залі сабраліся Першагэрарх БАПЦ Архіэпіскап Паўночна-Амэрыканскі й Наваградзкі Сьвятаслаў, Старшыня Галоўнае Ўправы Згуртаваньня Беларусаў Канады Зьміцер Эльяшэвіч, сябры ЗБК, парафіяне Царквы сьв. Кірылы Тураўскага.
Сьвяточны дзень пачаўся з ранішняга набажэнства ў Царкве Сьв. Кірылы Тураўскага пад кіраўніцтвам Першагэрарха БАПЦ Архіэпіскапа Сьвятаслава з удзелам айца Аўгена і госьця з Украіны эпіскапа Украінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы Уладзімера, які прыбыў у Таронта з Кіева на запрашэньне Кіраўніка БАПЦ адмыслова для ўдзелу ва ўрачыстасьцях з нагоды 100-годзьдзя Ўладыкі Мікалая. Набажэнства скончылася традыцыйным сьпяваньнем духоўнага гімну беларусаў ”Магутны Божа”.
Далей гасьцей чакаў сьвяточны стол са смачна прыгатаванай ежай.
А 12-й гадзіне распачалася галоўная частка праграмы ўрачыстасьцяў – Ганаровaя Акадэмія. Ва ўступным слове кіраўнік ЗБК Зьміцер Эльяшэвіч зазнaчыў, што сёньня беларусы аддаюць даніну пашаны чалавеку, які стаяў ля вытокаў рэлігійнага жыцьця беларускае праваслаўнае грамады Канады. Духоўны айцец, асьветнік, перакладчык – багата пасьпеў зрабіць Уладыка Мікалай за дзесяцігодзьдзі самаахвярнага служэньня людзям і Богу. Яго мудрыя словы казаньняў, вялізарная працавітасьць, надзвычайная сьціпласьць прыцягвалі і вернікаў, і тых, хто ў пэўны момант жыцьця проста меў патрэбу ў разумнай парадзе. Гэтымі днямі і парафіяне і духавенства нашае царквы аддаюць належнае свайму духоўнаму правадыру й айцу.
У сваім казаньні пра служэньне Ўладыкі Мікалая Царкве і людзям Архіэпіскап Сьвятаслаў узгадаў пра тыя выклікі лёсу, нябачныя нам выпрабаваньні, што мусіў мужна прымаць і пераадольваць наш славуты юбіляр на сваім жыцьцёвым шляху. Наведваць беларускія асяродкі на трох кантынэнтах – Аўстраліі, Эўропе, Паўночнай Амэрыцы, пералёты з усім неабходным для набажэнстваў адзеньнем, рэгаліямі, іншымі рэчамі – гэта нават з фізычнага боку нялёгка. Уладыка Мікалай моўчкі пераўзмагаў ўсё тое, што замінала яму выконваць свае абавязкі, і мужна йшоў наперад у сваім ахвярным служэньні Царкве, людзям, Беларусі. Пры гэтым ён пакінуў наступным пакаленьням беларусаў у спадчыну шмат напісанага, што безумоўна ёсьць важкім духоўным здабыткам ўсяе Царквы і ў агульным кантэксьце – духоўным здабыткам усяе Беларускае Нацыі.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла адзначыла, што сьвятаром, вялікім патрыётам і адданым беларусам, якому хочацца аддаць чэсьць у гэтых разважаньнях пра рэлігію, быў уладыка Мікалай, мітрапаліт Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Яна прысутнічала як старшыня Рады БНР на ягоных паховінах у Нью-Брансўіку ў чэрвені 2002 году і прыняла перададзены Радзе бел-чырвона-белы сьцяг, які пакрываў ягоную труну. З уладыкам Мікалаем яна з мужам Янкам пазнаёміліся, калі былі ўжо ў Канадзе. Адведваў ён іх у Атаве на Вадохрышча, сьвяціў іхні дом і ў іх начаваў. Тады яны мелі нагоду шмат пра што пагутарыць. Быў гэта чалавек лагодны, сьціплы і працавіты. Ён добра ведаў, ідучы вучыцца на сьвятара, што матэрыяльна жыцьцё яго будзе цяжкім. Але верыў у Бога і ў людзей і ніколі ня страчваў надзеі. Дараваў нават тым, хто яго асабіста пакрыўдзіў. Быў Уладыка моцна перакананы, што вера ў Беларусі мусіць быць беларускай, і таму моцна бараніў аўтакефалію. Верыў, што прыйдзе час, калі Беларуская праваслаўная царква вызваліцца ад Масквы.
Заснавальніца канадыйскае дызайнерскае Кампаніі ”Spirit of Belarus” (Дух Беларусі) пісьменьніца (сябра Саюзу Беларускіх пісьменьнікаў) Ірына Варабей падзялілася асабістымі ўспамінамі і зачытала колькісь момантаў са сваіх нататкаў для кнігі пра Уладыку, агучыўшы, у прыватнасьці, наступнае:
“Не хацелася б гаварыць пра яго высокамоўнымі словамі (ужо ўсё сказалі да мяне), апісваць, якім ён быў вялікім Мітрапалітам… Я ня ведаю, якім ён быў Мітрапалітам. Ды мяне й не цікавіла гэта; я хіба да апошняга ягонага дня не ўсьведамляла, які вялікі пост ён займае. Праўда. Як мне, дык бліжэй ён быў як манах. Як чалавек, чыім пострыгам і абетам стала вера ў маю Беларусь. Сьвятую, далёкую, як Бог, да канца мо й не спазнаную, але навек любімую. А калі некага па-сапраўднаму любіш – то яму й служыш.
Гэтую ісьціну я зразумела побач зь ім.
Я сказала “маю Беларусь”… Так, я проста сустрэла чалавека, хто быў гэтак жа закаханы ў яе, але ўпершыню ўбачыла, як і дзе можна па-сапраўднаму рэалізаваць сваё каханьне – служэньнем ёй. Ён быў бліжэй мне гэтай сваёй неасьвечанасьцю і манаскім ладам жыцьця. Так, мне больш быў цікавы гэты бок ягонага жыцьця – жыцьця манаха, але не ўтоенага ад людзкога вока за манастырскімі мурамі. Жыць манахам сярод людзей… Не, я не бачыла, што гэта было складаным для яго. Думаю, гэта было сутнасьцю ягонай місіі на гэтым сьвеце: спачатку ён сам, у душы, абетаваўся служэньню Беларусі – а потым, калі гэтага патрабавала служэньне, прыняў і сьвятарства, і фармальнае манаства. Думаю, і ягоныя крокі да мітрапаліцтва былі з адзінай гэтай думкай: “…дзеля Беларусі”. І Беларусь называў “сьвятой”.
Пэўна, некалі ён будзе кананізаваны. Прынамсі, я так спадзяюся. Бо так адчуваю. Так яго ўспрымаю. Такім яго ведаю.“
І. Варабей ўзгадала, што Ўладыка пакінуў ёй свае “Успаміны” (мэмуары). Манускрыпт да гэтае пары захоўваецца у яе, і што варта б было іх надрукаваць асобным выданьнем.
Далей І. Варабей распавяла аб вышываным партрэце Ўладыкі і адзін з выпадкаў зьвязаных зь ім:
“Уявіце велізарную залю галоўнага выставачнага комплексу Таронта. І ў ім маленькі буцік з маімі работамі. І вось бачу здалёк, кіруе да нас жанчына, заварожана не адрываючы вачэй ад стэнда. Падыходзіць дый кажа:
– Я ведаю гэтага чалавека.
– ??? – у нас з сяброўкай, маёй асыстэнткай, разам адвальваюцца ськівіцы.
– У дзяцінстве бацькі вадзілі мяне ў царкву, і там служыў гэты чалавек. Але ён тады быў малады, а тут ужо ў такім сталым узросьце…
Мы з сяброўкай хорам:
– У якую царкву?
– У беларускую. І там быў гэты сьвятар.
– Вашыя бацькі – беларусы?
– Так. І гаварылі па-беларуску, але я ўжо мала, памятаю, адно асобныя словы…
Тады нас моцна ўразіла тая гісторыя… “
Напрыканцы І.Варабей узгадала пра гісторыю іконы Сьв. Кірылы Тураўскага, якую Антось Варабей (пра гэты факт на Свабодзе) намаляваў на замову Мітрапаліта Мікалая, і якая зараз займае пачэснае месца ў іканастасе Царквы Сьв. Кірылы Тураўскага БАПЦ у Таронта.

Ікона сьв. Кірылы Тураўскага, Таронта
Старшыня Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады доктар Руслан Качаткоў адзначыў, што асоба сьвятара, асабліва эпіскапа, зьяўляецца вельмі важнай для парахвіі. Р. Качаткоў пазначыў Уладыку Мікалая як надзвычай добрага чалавека з цудоўнай аўрай і цёплай энэргетыкай ад якога проста йшлі праменьні цяплыні й дабрыні. ”Калі ён вёў службу і прапаведаваў, – сказаў Р. Качаткоў – здавалася ён зазіраў у душу кожнаму з нас, і слова Божае праз яго ўваходзіла у мяне і як быццам матэрыялізавалася. Ён заснаваў такі моцны духоўны падмурак парахвіі, што нягледзячы на шматлікія складанасьці, нашая царква і дасюль існуе, жыве і працягвае весьці нас да Бога”.
Старшыня Нагляднае Рады Згуртаваньня Беларусаў Канады Надзея Дробіна на працягу 5 год была поруч з Уладыкам, прымаючы актыўны ўдзел у грамадзка-рэлігійным жыцьці беларускага асяродку ў Канадзе. Выхадка з Гомельскае вобласьці, але прыехаўшая у 1997 г. з сям’ёю ў Канаду з Украіны, яны з мужам спачатку вырашылі туліцца да украінцаў, бо ня ведалі пра існаваньне ў Таронта зарганізаванага беларускага жыцьця. Але аднойчы даведаліся пра Беларускі Грамадзка-Рэлігійны Центар у Таронта, наведалі яго і мелі працяглую размову з Уладыкам Мікалаем, які ў той час быў кіраўніком парафіі сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта. Тая сустрэча моцна паўплывала на Н. Дробіну, і з таго часу ужо на працягу 20 год яна ў БАПЦ.
Н. Дробіна агучыла успамін доктара Раісы Жук-Грышкевіч, жонкі і сакратара Старшыні Рады БНР у 1970 – 1982 г. Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Раіса Жук-Грышкевіч неаднаразова абіралася на пасаду Старшыні Згуртаваньня Беларусаў Канады, узначальвала Каардынацыйны Камітэт Беларусаў Канады, добра ведала Ўладыку Мікалая асабіста і знаходзілася з ім у цеснай узаемадзеі, вырашаючы шматлікія пытаньні грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў Паўночнай Амэрыцы. Амаль аднагодкі (Раіса Жук-Грышкевіч нарадзілася у 1918 г.), яны дзесяцігодзьдзі ішлі побач пакінуўшы адметны сьлед у гісторыі Беларускае дыяспары.
У сваіх ўспамінах Раіса Жук-Грышкевіч у прыватнасьці распавяла наступнае: ”… Ўладыка Мікалай быў заўсёды цесна зьвязаны зь беларускім нацыянальным жыцьцём у Канадзе. Пры канцы 1960-х гадоў Уладыка Васіль стараецца аб новым беларускім эпіскапе. Не дарма-ж ён, назіраючы за душпастырскай і беларускай дзейнасьцю айца Міхала, зьвярнуўся да яго з прапановаю ўзяць на сябе такі цяжар адказнасьці эпіскапскага сану. Айцец Міхал, пэўна, мусіў добра заглянуць у глыбіню сваёй душы, каб даць адказ.
Ды, відавочна, ад самага пачатку, ад 50-х гадоў, тут дзеяла накіраваньне Сьвятога Духу, Волі Божае. Ісус Хрыстос, як калісь сваіх апосталаў, пасылаў Міхася Мацукевіча, а пасьля айца Міхала і казаў яму: “Вазьмі свой крыж і йдзі за мною”. І айцец Міхал узяў свой крыж, якім бы цяжкім ён ня быў, і пайшоў за Хрыстом. Спатыкаючыся і падаючы ад зьнямогі, ішоў Уладыка Мікалай сваёй цярністай крыжовай дарогай аж да 18-га чэрвеня 2002-га году, калі аддаў свой дух. І мы молімся, каб Ісус Хрыстос прыняў Яго ў Валадарства Нябеснае.
Гэта дзякуючы Ўладыку Мікалаю, царква Сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта была, хіба, з усіх праваслаўных цэркваў пад сонцам самаю беларускамоўнаю.
Дастойны Ўладыка Мікалай, Вы сваім жыцьцём здабылі й пакінулі па сабе незацёрты сьлед, як канадыйцы кажуць: “You made a difference”. Вы сталіся пачаткам і кіраўніком існаваньня БАПЦ у Канадзе. Гэтым Вы паставілі сабе манумэнт, занялі месца ў гісторыі беларускае царквы, у гісторыі Беларусі.”
Вечная Вам памяць!”
Алесь Кот зрабіў своеасаблівае рэвю успамінаў вядомых дзеячоў беларускага замежжа пра Мітрапаліта Мікалая, што не змаглі, з розных прычынаў, прыняць удзел ва ўрачыстасьцях у Таронта. У прыватнасьці, ён сказаў, што пісьменьнік Кастусь Акула (1925 – 2007), які ў 1948 г. заснаваў Згуртаваньне Беларусаў Канады, у свой час узгадваў, што калі ў 1951-м годзе ў Таронта завітаў да яго сьціплы, ветлівы й зь віду надта памяркоўны чалавек, Міхась Мацукевіч, аказалася, што ў 1946-м годзе вясною яны абодва былі ў ваенным абозе Тэрсо на поўначы Шатляндыі. Зразумела, ніхто-ж не пазнаёміў там палешука з глыбачанінам… Чужынцы-акупанты не далі яму магчымасьці навучыцца роднае мовы, давялося здабываць яе ў Канадзе. Архіэпіскап Мікалай на працягу гадоў перакладаў на беларускую мову ўсё царкоўна-славянскае, неабходнае; гэткім чынам БАПЦ уводзіла беларускую мову ўва ўсіх сваіх парафіях. На сваё ўтрыманьне наш дарагі Ўладыка ўвесь час зарабляў працай на прадпрыемствах. Ён ніколі ня браў грошай за службу як сьвятар.
Наступнае, што сталася агучаным прамоўцаю, былі дасланыя з Амэрыкі ўспаміны пра вядомага беларускага грамадзкага дзеяча пісьменьніка доктара Янкі Запрудніка, у якіх ён у прыватнасьці піша, што шмат супрацоўнічаў з Уладыкам Мікалаем у 1980-90-х гадах, калі рэдагаваў у Нью-Ёрку газэту «Беларус» і дапамагаў Уладыку ў апрацоўваньні ”Службоўніка” – аднае з ягоных галоўных публікацыяў. Апрача гэтага, ведаў яго асабіста як чалавека яшчэ з часоў грамадзкага жыцьця ў брытанскім Лёндане. Там у 1950-51 гадох адбыліся іхныя кароткія сустрэчы-гутаркі. Яны пакінулі Я. Запрудніку ўражаньне пра Ўладыку Мікалая як пра асобу лагоднае натуры. Уражаньне гэтае глыбока замацавалі далейшыя гады супрацоўніцтва.
Пад паверхняй спакойнае асобы Ўладыка быў глыбока веруючым чалавекам, шчырым патрыётам Беларусі, дбайным духовым пастырам і самаахвярна працавітым рэлігійным дзеячом. Сваёй працаю ў вялікай меры за свае ж асабістыя сродкі (у дадатак да сьціплай дапамогі звонку) ён здолеў пакінуць трывалую спадчыну ў форме кніжных перакладаў-публікацыяў – перш-наперш ягонага фундамэнтальнага ”Службоўніка”. Гаворачы пра ўладыку Мікалая, Ян Запруднік падкрэсьліў гістарычнае значэньне ягонай перакладніцка-выдавецкай дзейнасьці. Значэньне гэтае робіцца асабіста відавочным сёлета, калі разам са стагодзьдзем нараджэньня ўладыкі, адзначаецца 500-годзьдзе выхаду Бібліі Францыска Скарыны.
Цікавыя ўспаміны адмыслова да ўрачыстасьцяў у Таронта даслаў дырэктар Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва (ЗША) доктар Вітаўт Кіпель. Згадваючы постаць Мітрапаліта Мікалая як сьвятара, В. Кіпель прывёў прыклад з набыцьцём Беларускага дома адпачынку ”Белэр-Менск” на 60-акравым кавалку зямлі ў штаце Нью-Ёрк у 1963 г. То была сацыяльна знакавая для амэрыканскіх беларусаў падзея. Вырашалі, каму даверыць высьвячэньне дому. Усе зышліся на тым, што найбольш заслугоўвае выконваньня гэтае адказнае ролі сьвятар Міхась Мацукевіч. На высьвячэньне беларускае хаты сабралася больш за тысячу беларусаў Амэрыкі. Беларускі сьвятар Міхась Мацукевіч выдатна правёў цырымонію.
Міхась Мацукевіч шмат рупіў у Нью-Ёрскай публічнай бібліятэцы, працуючы над кнігаю пра Моталь, дасьледуючы лёсы людзей – выхадцаў з Моталю, іх сувязі з родным мястэчкам. Пры гэтым меў стасункі з рознымі дэпартамэнтамі бібліятэкі.
Уладыка Мікалай лічыў за правіла кожны год увосень выступаць з прамоваю на тыдні славянскае спадчыны, што праводзіўся ў штаце Нью-Ёрк, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі каля 15 этнічных групаў Амэрыкі. З гэтае нагоды Ўладыка Мікалай быў вядомы шмат у якіх нацыянальных асяродках, на гэтай глебе ён быў асабіста знаёмы з губэрнатарам штата Нью-Ёрк. В.Кіпель казаў, што кожны раз, калі яму даводзілася наведваць Беларусь, Ўладыка Мікалай засобліваў яго рэлігійнай літаратурай, каб хоць нешта рэлігійнае на роднай мове сталася адвезеным на Бацькаўшчыну. Агулам 50 год плённага супрацоўніцтва Уладыкі Мікалая з БІНіМ у ЗША: пісаў сам, распаўсюджваў выданьні БІНіМ, дапамагаў матэрыяльна іншым аўтарам. Уладыка Мікалай быў адданы навуковаму працэсу. Праз самаадукацыю ён узьняў сябе на надзвычайна высокі ўзровень, стаўшыся высокаінтэлектуальнай асобай.
Аднойчы, падчас удзелу В. Кіпеля ў чарговай міжнароднай навуковай канфэрэнцыі ў Белавежы (Польшча), у якой прымала ўдзел блізу 60 навукоўцаў, хтосьці, прыехаўшы з Варшавы, прывёз навіну, што адышоў Мітрапаліт Мікалай – Першагерах БАПЦ. Канфэрэнцыя прыпыніла сваю працу, каб ушанаваць ягоную памяць.
А. Кот таксама паінфармаваў прысутных, што сканчваецца шматгадовая праца над выданьнем спадчыны Уладыкі Мікалая. Вынікам супрацоўніцтва Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва (ЗША), Факультэту паліталёгіі ўнівэрсытэта Марыі Кюры-Складоўскай (Польшча), Інстытуту Славістыкі Польскай Акадэміі Навук сталася кніга ”У малітве за Беларусь” у трох тамах, агульная колькасьць бачынак у якіх складае больш за дзьве з паловаю тысячы. Укладальнік кнігі – вядомы беларускі і польскі дасьледчык Юрась Гарбінскі. На рэалізацыю названага праэкту беларускімі рэлігійнымі інстытуцыямі, грамадзкімі арганізацыямі і прыватнымі асобамі ЗША, Вялікае Брытаніі, Аўстраліі, Летувы і Канады былі сабраныя каля 20 000 даляраў. Пры гэтым унёсак канадыйскіх беларусаў склаў 75% ад агульнае сумы.
У прадмове да названага выданьня доктар Вітаўт Кіпель адзначыў, што праца ёсьць прысьвечанай жыцьцю й дзейнасьці ўладыкі Мікалая (у сьвецкім жыцьці Міхала Мацукевіча), рэлігійнага мужа, аднаго з буйнейшых дзеячоў беларускае дыяспары, дзяржаўніка, дасьледніка, сябра Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. Апынуўшыся ў часе ваеннае завірухі на Захадзе, яму трэба было працаваць і на ральлі, і каля станка, прайсьці праз вайсковую муштру ды, выжыўшы, атайбавацца ў Канадзе. Грамадзкі працаўнік Міхал Мацукевіч меў пакліканьне й выбраў рэлігію ды праваслаўную царкву. У гэтай галіне ён здабывае асьвету, акунаецца цалкам у душпастырскую дзейнасьць, дапамагае беларускай дыяспары на Захадзе ды, падымаючыся са сьвятара па гэрархічнай лесьвіцы, ачольвае запачаткаваную ў Беларусі ў 1920-х гадох Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву (БАПЦ). Уладыка ў шматлікіх пропаведзях, пісьмовых працах, разважаньнях як у беларускіх колах, гэтак і сярод праваслаўнага духавенства ды шырокага канадзкага й амэрыканскага грамадзтва, абгрунтоўваў і бараніў прынцып гістарычнае цягласьці-спадчыннасьці сягоньняшняе БАПЦ з Наваградзкай мэтраполіі, лучнасьць зь беларускім праваслаўем Вялікага Княства Літоўскага. З такім паглядам пагаджаецца БІНіМ і дзяржаўніцкая беларуская дыяспара.
Алесь Кот зазначыў, што выйсьце кнігі безумоўна стане зьяваю ў беларускім сьвеце, і выказаў спадзяваньне – добраю падставаю, штуршком для актывізацыі шырокае дыскусіі пра актуальнасьць свае, Беларускае ва ўсіх разглядваемых аспэктах, царквы, якою сёньня зьяўляецца БАПЦ – сапраўды свая Беларуская, сапраўды ні ад каго незалежная, і якую менавіта з-за гэтых ейных фундамэнтальных адрозьненьняў ад дзейнічаючае ў Беларусі так званае Беларускае праваслаўнае царквы, а на самой справе філіі РПЦ, ўпарта ня вызнае існуючы ў Беларусі рэжым улады, адмаўляючы ў рэгістрацыі БАПЦ, юрыдычнай легалізацыі яе на тэрыторыі краіны.
Напрыканцы Акадэміі прысутным у залі сталіся прадэманстраванымі два відэазапісы: здымка набажэнства ў Царкве сьв. Кірылы Тураўскага з удзелам Мітрапаліта Мікалая ў лістападзе 1998г. У гэты ж дзень беларусы Канады адзначалі 50-я ўгодкі Згуртаваньня Беларусаў Канады. Другі фільм зроблены ў Моталі летам 2013г. Жыхарка мястэчка Спадарыня Вольга Мацукевіч, у мінулым дырэктарка Мотальскага краязнаўчага музэю, распавяла пра родныя мясьціны Ўладыкі Мікалая, пра ягонае наведваньне роднага кута ў лютым-сакавіку 1992 г.
- Уладыка Мікалай у Курапатах
- Уладыка Мікалай у Курапатах
- Ікона сьв. Кірылы Тураўскага, Таронта
- Кіраўніцтва БНФ, Брацтва трох Віленскіх мучанікаў сустракаюць Уладыку Мікалая, Міколу Ганько і Васіля Русака
Мітрапаліт Мікалай, БАПЦ
Мітрапаліт Мікалай (1917-2002), праваслаўны сьвятар, архіяпіскап, першагерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) у эміграцыі (1983 – 2002г.), рэлігійны і грамадзкі дзеяч беларускага замежжа. Удзельнік беларускага хрысьціянскага руху 20 ст. У сьвецкім жыцьці – Міхаіл Мацукевіч.
Нарадзіўся 21.05.1917 на хутары Суяцін Яршоўскага павета Самарскай губ. Паходзіў з праваслаўнай сям’і беларусаў-бежанцаў. У час Першай сусьветнай вайны бацькі – Кандрат і Домна (з дому Дзямковічаў) Мацукевічы выехалі з роднай вёскі Моталь на Берасьцейшчыне. У 1921 г., пасьля сьмерці маці і сястры, вярнуўся разам з бацькам і двума братамі ў Беларусь. Скончыў пачатковую школу (1932). Пазьней вучыўся ў Тараканаўскай сельскагаспадарчай школе. Служыў у польскім войску ў Берасьці, дзе сустрэў Другую сусьветную вайну. Быў паранены. У лістападзе 1939 г. вярнуўся дадому. Вучыўся на настаўніцкіх курсах у Берасьці. Пазьней пераехаў у Пінск. Пасьля акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі «працаваў на ўласнай гаспадарцы». У красавіку 1944 г. быў арыштаваны нямецкімі ўладамі і вывезены ў Германію. Да лютага 1945 г. знаходзіўся на работах (капаў акопы) паміж гарадамі Кобленц і Бон. Вызвалены амэрыканскімі войскамі. З 17.03.1945 жыў у Вялікабрытаніі, дзе працаваў на фэрме недалёка ад г. Глазга. Падтрымліваў сувязі зь беларускімі перасяленцамі ў Нямеччыне. У 1946 г. ў час наведваньня сваякоў у беларускім лягеры ў г. Ватэнштэт пазнаёміўся з беларускім грамадзкім дзеячам М.Шылам. Удзельнік 1-га зьезду Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі (1947). Пасьля 1949 г. жыў у Лёндане, дзе на працягу двух гадоў працаваў адміністратарам Беларускага дома. У жніўні 1951 г. пераехаў у Канаду. Вучыўся на багаслоўскім факультэце Калегіі сьв. Андрэя ў г. Вініпэг. Рукапакладзены ў сан гэрэя 06.05.1952 гэрархам Украінскай грэка-праваслаўнай царквы мітрапалітам Ілярыёнам. Са жніўня 1954 г. жыў у Таронта, дзе арганізаваў прыход сьв. Кірылы Тураўскага. Першую сьвятую літургію адслужыў 04.10.1954. Апрача Таронта сьвятарскія абавязкі выконваў у гарадох Садберы, Атава, Манрэаль і інш. З сярэдзіны 1960-х гадоў штомесяц прыяжджаў на набажэнства да беларускіх вернікаў у г. Дэтройт (ЗША). Адзін з арганізатараў беларускага праваслаўнага прыхода Сьвятога Духа ў г. Дэтройт. У катэдральным саборы сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку 02.10.1966 пастрыгся ў манахі і прыняў імя Мікалай. На наступны дзень узьведзены архіэпіскапам БАПЦ Сяргеем у сан ігумена і архімандрыта. Рукапакладзены ў сан эпіскапа Турава-Пінскага і Таронцкага 10.03.1968 у Аўстраліі. У траўні 1983 г. на надзвычайным саборы БАПЦ у Кліўлэндзе абраны першагэрархам БАПЦ. На 3-м саборы БАПЦ у царкве Жыровіцкай Божай Маці ў Гайлэнд-Парку (Нью-Ёрк) абраны паўторна першагэрархам БАПЦ. Садзейнічаў выданьню царкоўна-рэлігійных кніг «Праваслаўны малітоўнік» (1966) і «Службоўнік» (1980). У лютым-сакавіку 1992 г. наведаў Беларусь. Узначальваў Фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. Памёр 20.06.2002 у Таронта.
Каментарыi адключаны.