Сьвяткаваньне 96-х угодкаў Абвяшчэньня незалежнасьці БНР у Аттаве

На сьвята прыйшлі добра знаёмыя людзі і пару чалавек новенькіх. Запрашэньні былі высланы па электроннай пошце, а таксама былі вывешаны аб’явы ў трох крамах.
Вельмі прыемна было бачыць зладжаную ўжо працу нашай каманды: дружна расставілі крэслы, сталы, прыгатавалі каву, дэлікатэсы, усталявалі апаратуру (музычную, мікрафоны, для паказа слайдаў). У зале былі ўсталяваны бел-чырвона-белы сьцяг і “Пагоня”.
Сьвяткаваньне праходзіла паводле праграмы. Урачыстую частку адкрыў сп. Пётра Мурзёнак, старшыня Аттаўскага аддзелу ЗБК. Ён перадаў бласлаўленьне сходу ад архіяпіскапа Сьвятаслава Логіна, Першайярарха Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (БАПЦ). Затым вядучы запрасіў на сцэну старшыню Рады БНР, сп. Івонку Сурвілла, якая зрабіла цікавы і грунтоўны даклад. Свае віншаваньні сходу выказала старшыня Згуртаваньня Беларусаў Канады, сп. Валянціна Шаўчэнка, якая прыехала з Таронта.
Канцэртную частку вяла сп. Аляксандра Логвін. У канцэрце гучалі вершы Юрася Шамецькі і Пятра Мурзёнка, музычныя п’есы выконвалі юныя музыкі – Ніна Логвін, Ксенія Каралькевіч, Паўлінка Шамецька, рамансы і песьні прагучалі ў выкананьні Валянціны Шаўчэнка, а песьню “Авэ Марыя” (І.Лучанок, З. Пазьняк) Вялянціна выканала ў суправаджэньні вакальнай дзіцячай групы (да ўпамянутых вышэй юных музыкаў далучыліся яшчэ Ангеліна Табаленка, Агата Логвін і Аляксей Ціпенка). На заключэньне канцэрта добра вядомы нам дуэт“Кантабіле”, у складзе Ўлады Шамецька (скрыпка) і Міхаіла Рыкава (гітара), цудоўна выканаў дзьве музычныя п’есы – “Паланэз” М.Агінскага і “Adiós Nonino” А.П’яцоллы. На гэтым асноўная частка канцэртнай праграмы скончылася. Хочацца падзякаваць усім удзельнікам канцэрта. Асаблівая падзяка Ўладзе Шамецька за жаданьне і арганізацыю канцэртаў на нашых мерапрыемствах.
Пасля канцэрту людзі мелі магчымасьць пагаварыць, выпіць кавы ці з’есьці штось смачнае. У перапынку сябры ЗБК ўнеслі складкі ў агульную скарбонку, а таксама свой унёсак у “Дар Сакавіка” (фонд на карысьць БНР).
Але праграма працягвалася, бо па добрай ужо традыцыі ўдзельнікі сьвята пісалі дыктоўку. На гэты раз Галіна Туміловіч начытвала тэкст са “Споведзі” Ларысы Геніюш. Шосты раз беларусы Аттавы пісалі дыктоўку, на гэты раз селі за стол 15 аматараў беларускага слова. У мінулым годзе на выдатна напісалі дыктоўку – Лідзія Арлоўская, Аляксандра Логвін, Сяргей Мазгавы, Віктар Няхай.
Фінальным акордам сьвята быў урок танца, таксама традыцыйны. На гэты раз развучвалі “Паланэз”, першыя такты йшлі са збоямі, але паступова каля 20 танцораў даволі ўдала і з настроем выконвалі патрэбныя рухі.
Сьвята прайшло ў цёплай, сяброўскай атмасферы.
Каментарыi адключаны.