Літаратурная вечарына ў Атаве

27 кастрычніка 2012 года ў Атаве адбылася прэзентацыя адразу двух паэтычных зборнікаў  атаўскага паэта Пётры Мурзёнка “Крыніца” (Менск, 2011) і “Пакуль нашыя анёлы лётаюць над акіянам” (Атава, 2012).

Пётра Мурзёнак нарадзіўся ў сям’і настаўнікаў у пасёлку Дунілавічы, на Пастаўшчыне. Дзяцінства прайшло ў вёсцы Дварчаны. Скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Доктар медыцынскіх навук, мае 157 навуковых публікацый. Вершы, па словах аўтара, пачаў пісаць у 1995 годзе. Акрамя прэзентаваных кніг, мае зборнік вершаў “Быліна мая, Беларусь ”, які быў выдадзены ў 2000 годзе. Жыве ў Атаве, Канада.

Пётра Мурзёнак пазнаёміў сваіх чытачоў, якіх ў гэты цёплы восеньскі вечар сабралася больш за сорак, са сваімі апошнімі вершамі, ў якіх акрэсліваецца цвёрдая грамадзянская пазіцыя аўтара, адчуваецца трывога за стан беларускага слова, беларускай мовы, за лёс радзімы.

О, народзе, такі цяжкі шлях твой!

Ці мы будзем калі мець нагоду

Гаспадарыць у краі свабодным!

 

У зборніках можна знайсці шмат лірычных і настальгічных настрояў, але пры гэтым, здаецца, што аўтар ніколі не пакідаў сваю “родную старонку”, і Радзіма заўсёды знаходзіцца побач: у думках, у марах, у памяці . Аўтар трывала і ўмела падарожнічае па часе і прасторы, вяртаючыся то ў родную вёску, дзе некалі жыў сам, дзе жылі яго бацькі, то ў снежаньскі Менск 2010 года, то аказваецца на сходзе продкаў у Чарэмушніках Падзісенных ў 2020 годзе.

А любімых мясцін не злічыць ў родным краі,

Ад дзіцячых гадоў тыя вобразы маем,

Як жывыя штодня прадстаюць прад вачыма,

Будзяць сэрца уночы і днём – бо Айчына.

 У вялікай колькасці вершаў Пятра Мурзёнка адчуваецца сыноўская ўдзячнасць бацькам, якія ўсё жыцьцё былі побач, нават, прыехалі ў Канаду. Яны заўсёды прысутнічаюць на паэтычным полі аўтара. Адчуваецца, што гэтая любоў да бацькоў, да сваіх прашчураў, натхніла паэта на напісаньне паэмы “Сказ пра Сільвестра” , у якой распавядаецца пра жыцьцё і лёс дзеда аўтара, Сальвука – так называлі дзеда ў вёсцы. Распавядаючы пра свайго дзеда, аўтар умела ўпісвае ў тэкст пераказ старажытных беларускіх балад (“Сказ пра ваўкалака”, “Сказ пра Плячку”), апісвае прыход у Сальвукову хату знакамітага беларускага мастака, фалькларыста, падарожніка Язэпа Драздовіча.

Акрамя паэтычных твораў, у кнізе “Пакуль нашыя анёлы лётаюць над акіянам” шырока прадстаўлены артыкулы, інтэрв’ю, тэксты выступаў аўтара, пачынаўчы з 1993 года. Кніга мае шмат фотаздымкаў, якія адлюстроўваюць жыцьцёвы шлях Пётры Мурзёнка.

Вечарына прайшла па-сяброўску, прыемна, прымусіўшы на некаторы час забыцца пра тое, што ўсе прысутные знаходзяцца далёка ад Беларусі, так усё было па-роднаму, па-беларуску.

Каментарыi адключаны.