Шлях да вяртання
“Шлях да вяртання” — гэта назва зборніка вершаў Юрася Шамецькі. Зборнік выйшаў у гэтым годзе ў Мінску і 11 верасня адбылася яго прэзентацыя, якая праходзіла ў садзе, дзе жыве сям’я Шамецькаў, і на якую прыйшло звыш пяцідзесяці беларусаў, якія пражываюць у Аттаве. Юрась Шамецька пачаў пісаць вершы даўно, год двадцаць таму назад. Былі вымушаныя перапынкі, адзін з якіх быў звязаны з пераездам на жыццё ў новую краіну, Канаду. Са слоў паэта вершы больш актыўна пісаліся ў апошнія гады.
Пагода спрыяла паэтычнай вечарыне. Было цёпла, ласкава свяціла сонца. Гледачы ўладкаваліся ў зручных крэслах і прыгатаваліся да сустрэчы з паэзіяй. На пачатку Юрась Шамецька распавёў, калі ён пачаў пісаць вершы, што яго натхняла, і чаму зборнік мае такую назву. “Шлях да вяртання” – гэта назва, якая увасабляе жыццёвую пазіцыю паэта, гэта вяртанне да радзімы, да Бога, да сваіх беларускіх каранёў, вяртанне да мовы. У зборніку многа прыгожых, лірычных вершаў. Безумоўна, каб атрымаць поўнае уражанне ад вершаў іх трэба чытаць. Хачу прывесці толькі адзін верш, які Юрась прысвяціў роднаму Мінску.
* * *
Не шукаю я пары змагання,
не бывае тут пары дажджоў…
Ў Мeнск стары, як крылы для вяртання,
я білет шчаслівы не знайшоў.
Горад мой без золата і бронзы,
абмінуўшы славу і прэстыж,
ў скрыжаваннях вуліцаў бясконцых
знойдзе мне мой ратавальны крыж.
Я блукаю, каб знайсці адказы…
Ён, як храм стаіць паміж вятроў —
горад непакораны ў паразах,
не зламаны дзідамі вякоў.
Ён і сёння дорыць водар чысты,
ў акварэльных променях дажджу.
Дапаможа вызначыць празрыста
шлях адзіны, па якім пайду…
Трэба адзначыць, што было вельмі прыемна чуць вершы у выкананні аўтара, калі адчуваеш дэталі, эмацыянальную акраску, акцэнты, інтанацыі. А рабіў гэта Юрась вельмі ўдала і артыстычна. Дэкламацыя вершаў ішла ў чарадзе з прамовамі аб гісторыі напісання апошніх вершаў, натхнёных паездкамі ў Парыж, Фларэнцыю і Рым, і вядома ж на Радзіму.
Несумненна, эмацыйны поспех вечарыны быў значна узмоцнены тым, што некаторыя вершы чыталіся ў музыкальным суправаджэнні дуэта “Кантабіле”, у складзе Ўладзі Шамецька (скрыпка) і Міхася Рыкава (гітара). Музыка, якая адпавядала тэматычнаму настрою вершаў, гучала таксама і ў паўзах. Вось гэтае спалучэнне беларускіх вершаў і музыкі думаецца кранула душы нават тых людзей, якія да гэтага вечара нейтральна адносіліся да жанру паэзіі. Вечарына доўжылася каля гадзіны, пасля якой людзі рабілі фотаздымкі, а аўтар падпісываў экзэмпляры сваёй кнігі. Вечарына скончылася доўгімі дыскусіямі і цёплым прыёмам.
Пётр П. Мурзёнак
Каментарыi адключаны.