Дзень Роднай Мовы

У Дзень Роднай Мовы, 21-га лютага 2023 года, кніжны клуб «Неба адно на ўсіх» правёў зум-сустрэчу, каб разам паразмаўляць па-беларуску. Адбылася цікавая размова пра роль беларускай мовы ў асабістым жыцці і гісторыі грамадства. Сябры клуба Пётра Мурзёнак і Юрась Шамецька прачыталі свае вершы пра мову.

Юрась Шамецька

У дзедавай хаце вяртаецца мова,–
тут час зноў знаходзіць таемныя словы,
хоць карткі старыя зжаўцелі, вядома.
Сюды б я заўсёды вяртацца хацеў
і еду у дзедаву хату – дадому, –
адкуль бы ні ехаў або не ляцеў.

Пытацца не варта, на мове якой
я вас разумею на ростанях часу.
О продкі, мы разам адчуем спакой,
калі я нябёсы бяздонныя ўбачу.
Сустрэньце пяшчотай і мудрасцю вашай –
вы бачылі болей за часам вякоў.

Падлога памыта і паліцца печ…
Усё, бы ў маленстве, мне хочацца мець.
Са здымкаў спакойныя твары глядзяць…
Гадзіннік стаіць, бо ніхто не заводзіць,
а час патаемна і цвёрда падводзіць
да думкі: тут нашыя продкі не спяць.

Пётра Мурзёнак

ТЫ КАРАНІ ПАКІНУЎ

Не магу любіць цябе як сына –

Карані ты свае пакінуў;

Жывеш на тэрыторыі маёй –

У пашпарце маўкліваю графой.

Не змагу цябе любіць як сына,

Выбачай, ты карані пакінуў.

Не цікавіць гісторыя краю,

Беларусаў якая яднае;

Забыўся кім продкі твае былі

І ў мове якой крыжы на зямлі.

Не змагу цябе любіць як сына,

Выбачай, ты карані пакінуў.

Памяркоўнасьць твая не заўсёды

Йдзе упоруч са шчасьцем і згодай;

Відаць закрэсьліў з хворай галавой

Мой герб і сьцяг ты злоснаю рукой.

Не змагу цябе любіць як сына,

Выбачай, ты карані пакінуў.

Глянь сюды, беларус памяркоўны,

Ты ніколі не будзеш двухмоўным;

Як толькі продкам здрадзіш сваім,

Ты загубіш мяне зусім.

Не змагу цябе любіць як сына,

Выбачай, ты карані пакінуў.

НЕ ДАРУЮ

Не дарую ніколі здрады
Я таму, хто такое радзіць;

Быццам родная наша мова

Непрыдатная быць навуковай.

Не дарую і тым я здрады,

Хто без мовы праводзіць нарады;

Бы здурнелі зусім беларусы,

Беручы за аснову “русский”.

Не дарую такім я здрады,

Хто чужой карыстацца рады;

Мову збэсьцілі, кінулі вёскі,

Што пажнуць вашы дзеці праз вёсны?

Не дарую таксама здрады

Аддаюць на чужой што загады;

Тым, прысланым здалёк наймітам,

Што не любяць яе, сакавітай.

 ……..

ПРА МОВУ

А тым, хто адрокся ад мовы –

Да горшага будзьце гатовы;

Ты здрадзіў не мове – матцы

Не месца табе ў нашай хатцы.

А тым, хто сьмяецца з мовы –

Быць выраку больш суровым;

У пекле сьмяяцца ты будзеш,

Стаяць па калені у брудзе.

А тым, хто клапоціцца мовы –

Пашле Бог удачу ў час новы;

Яшчэ у Яго ёсьць надзея

Палі з вамі ў краі засеяць.

Наш нізкі паклон адмысловы

Тым, хто гаворыць на мове,

Бо з вамі над краем свабода,

Як сонца засьвеціць народу!

 ……..

ЗА ШТО?

За што так не любіць Мову

Урад, які маем, часовы?

Чакае аднекуль загаду?

За трыццаць капеек здрадзіў?

За што так не любяць Мову

Хлапцы ў камуфляжах новых?

Няўжо вам казаў бацька родны

Ня помніць адкуль вы ёсьць родам?

Чаму пазьбягае Мовы

Настаўнік, што вабіць словам?

Быць мусіць душою народа –

З сабою не мае згоды?

А што гэта ў Янкі з Мовай?

Свой гонар згубіў часова?

Здаецца, ў душы з Ёю згодны –

Заве ў апытаньнях роднай.

За што вы не любіце Мову?

Вядзіце на Ёй размову!

 ………..

РАДЗІМА МАЯ

Беларусь! Мая Радзіма!

А ці любіш свайго сына,

што цяпер ў далёкіх весях,

які любіць твае песьні,

які любіць наша слова

і гаворыць роднай мовай,

бацькі лю́бы яму, жонка,

люба родная старонка,

любы дзеткі і старыя,

усе людцы дарагія,

лясы любы і нябёсы,

любы нівы, любы плёсы,

любы родныя куточкі,

птушак галасы-званочкі?

Беларусь! Мая Радзіма!

Любі моцна свайго сына,

што цяпер ў далёкіх весях,

які любіць твае песьні,

які любіць наша слова

і гаворыць роднай мовай,

бацькі любы яму, жонка,

люба родная старонка,

любы дзеткі і старыя,

усе людцы дарагія,

лясы любы і нябёсы,

любы нівы, любы плёсы,

любы родныя куточкі,

птушак галасы-званочкі!

 ………………………….

Каментарыi адключаны.