
Да 34-х угодкаў аднаўленьня Незалежнасьці

РАДА БЕЛАРУСКАЕ НАРОДНАЕ РЭСПУБЛІКІ
ЗВАРОТ
Да 34-х угодкаў аднаўленьня Незалежнасьці
Дарагія мае суродзічы беларусы!!
Надыходзяць 34-я ўгодкі таго дня, калі 25-га жніўня 1991-га году беларусы аднавілі самае дарагое, што ёсьць у кожнага народа – Незалежнасьць.
Аднаўленьне Незалежнасьці адбылося ў выніку намаганьняў палітычнага авангарду нацыянальнай дэмакратыі – Беларускага Народнага Фронту. Аднак за 25 жніўня 1991 году былі стагодзьдзі змаганьня нашых продкаў, усіх тых, хто не зьмірыўся з панаваньнем спачатку царскай, а потым камуністычнай імпэрыі.
34 гады – пакаленьне людзкога жыцьця на зямлі. Як шмат мы маглі б асягнуць за гэты час! Беларусь магла б быць краінай, зь якой лічыліся б і суседзі, і ўвесь сьвет. Краінай заможнай і шчасьлівай, якая была б нашай супольнай Бацькаўшчынай. Краінай, пра якую марылі пакаленьні папярэднія, якія клалі жыцьці сваіх лепшых сыноў і дачок у змаганьні з акупантамі.
На жаль, месца чужых захопнікаў заняў дыктатар, які ня толькі ня любіць зямлі, якую здабыў хлусьнёй, але якой ён гатовы гандляваць, каб утрымаць узурпаваную ім уладу.
Здраджаны народ застаецца ў няволі, дыктатар пры падтрымцы Масквы разгарнуў супраць яго татальны тэрор, і сотні тысячаў беларусаў ня маюць іншага выйсьця, як шукаць прытулку на чужыне.
Але не запозна, дарагія мае суродзічы, думаць пра нашых продкаў, пра нашыя карані, і пра будучыню!
Мы – і ў Беларусі, і ў дыяспары – мусім берагчы нашую культуру, шанаваць нашую спадчыну, ня страчваць нашага пачуцьця прыналежнасьці да зямлі, на якой наш народ пражыў больш за тысячагодзьдзе. Можам і павінны, як казаў наш вялікі паэта – каб не ўмерці – захоўваць нашу мову
Раскіданыя па ўсім сьвеце, мы маем доступ да іншых народаў. Кожны чужынец кругом нас мусіць ведаць, што мы – беларусы, чаму мы пакінулі свой край, як моцна мы яго любім і як шчыра жадаем, каб ён пазбыўся дыктатуры.
У 2020-м годзе вы паказалі сьвету, што вы жывы народ, што жадаеце самі вырашаць свой лёс! Вы зрабілі вялізарную справу – але праца гэтая ня скончаная!
Нягледзячы на вымушаную эміграцыю сотняў тысяч беларусаў, мы застаемся адзіным народам – тыя, хто на Бацькаўшчыне і тыя, хто на чужыне. Дарагія беларусы замежжа, давайце навязваць сувязі з суродзічамі, якія нешта робяць, а такіх між намі шмат! Далучайцеся да міжэтнічных арганізацыяў у краінах дзе пражываеце! Бярыце ўдзел у іхнім жыцьці, каб яны ведалі, што ёсьць на сьвеце цудоўныя людзі – беларусы!
Дарагія мае суродзічы! Зь верай і надзеяй у сэрцы, мы дачакаемся ўласнай і вольнай на векі дзяржавы. Але для гэтага мы мусім адкласьці пакуль што крытыкі адны другіх. Ня час цяпер беларусам біцца паміж сабой. Бо залёгка было б двум дыктатарам – Пуціну і Лукашэнку – зьнішчыць нас да апошняга.
Мусім зразумець што мы толькі тады асягнем нашую мэту, калі будзем зьяднанай нацыяй. Калі нас будзе дзесяць мільёнаў патрыётаў, якія будуць цаніць волю і людзкую годнасьць!
Ўсе народы ведаюць каштоўнасьць нацыянальнай еднасьці ў часы пагрозы іх існаваньню. Не давайце расейскім агрэсарам спадзявацца, што ім зноў удасца захапіць нас, як яны намагаюцца захапіць суседнюю нам дзяржаву.
Нам Бог даў кавалак зямлі, каб мы цанілі і баранілі яго. Не дазвольце злодзеям зноў адабраць яго ў вас, пакідаючы вас зноў сіротамі ў сябе дома.
Дык памажы нам Божа! Жыве Беларусь!
Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Жнівень 2025.
Каментарыi адключаны.