Віншаванне ГУ ЗБК

Дарагія сябры!

Шаноўная грамада!

Галоўная Управа Згуртавання Беларусаў Канады шчыра віншуе вас з найвялікшым беларускім нацыянальным святам – 

Днем абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Гэты векапомны дзень, Дзень 25 Сакавіка, мы з гонарам завём Днём Волі.

“Цяпер мы, Рада БНР, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнае залежнасьці, якая была накінута расейскім царызмам на наш вольны і назалежны край. Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай…”

Болей стагодздзя назад гэтымі словамі Трэцяй Устаўной Граматы Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвесціла ўсяму свету аб нараджэнні вольнай і незалежнай Беларусі.  Ідэі 25 сакавіка сталі трывалым падмуркам беларускага нацыянальна-вызвольнага руху паўсюды, дзе б ні жылі беларусы. Дзяржаўніцкія ідэі БНР давалі жыцьцё і шырокі ўздым культуры і асветы і ў створанай бальшавікамі БССР, і ў Заходняй Беларусі, што да 1939 году знаходзілася пад Польшчай, дапамагалі змагацца і жыць падчас ваеннага ліхалецця, далі моц паваеннай беларускай эміграцыі па ўсім сьвеце. Сёння нельга сабе ўявіць ніводнай беларускай палітычнай арганізацыі ці партыі, ці ў Беларусі ці за яе межамі, ў аснову якіх не былі б паложаныя ідэі дзяржаўнай незалежнасці. Ідэі, каторыя сталі арганічнай часткай душы беларускага народу, яго натхненнем і сілай.   

Няхай жа святло Сакавіка падорыць вам надзею і сёння, ў гэты складаны для ўсіх нас час!

Няхай ідэалы незалежнай Бацькаўшчыны стануць вам ў гэты дзень зарукай моцнай веры ў будучыню! 

На вялікі жаль, ня можам вітаць ўсіх вас сёлета на нашых традыцыйных святкаваньнях і імпрэзах. Заклікаем аднак адзначыць гэты слаўны дзень там, дзе зможаце. З сям’ёй, блізкімі, роднымі. Уздыміце наш сьцяг, павіншуйце адзін аднаго, прачытайце верш, раскажыце дзецям пра гісторыю сваёй Бацькаўшчыны-  Беларусі! Помніце – гэта нашае Вялікае Свята!

Жыве Беларусь! 

 

Каментарыi адключаны.