Сьветлай памяці Барыс Кірка

bkirkaШаноўныя сябры,
З глыбокім смуткам паведамляем пра адыход у іншы сьвет Барыса Кіркі – аднаго з самых актыўных дзеячоў парафіі сьвятога Кірылы Тураўскага і Згуртаваньня Беларусаў Канады.
На працягу многіх гадоў спадар Барыс выконваў абавязкі старшыні альбо скарбніка парафіі. І, хаця жыў на Ніягары, амаль кожную нядзелю прыяжджаў у Таронта на ранішнюю Багаслужбу. Ні дрэннае надвор’е, ні кепскае самаадчуваньне не заміналі Барысу Фёдаравічу разам зь любаю на ўсё жыцьцё сьв. памяці Вераю Радэк прыяжджаць на сваім аўта без спазьненьня і амаль да апошніх дзён сьпяваць у царкоўным хоры. Барыс Фёдаравіч валодаў цудоўным голасам і тонкім прыродным музычным слыхам. А ў маладосьці спадар Барыс танчыў у народным ансамблі.
Многія з нас – маладыя альбо старэйшыя – лічылі Барыса Фёдаравіча сваім сябрам і любілі яго за чуласьць, дабрыню, адказнасьць, аптымізм, прыязнасьць, вясёлы характар.
Разьвітаньне з сьветлай памяці Барысам Кіркаю адбудзецца ў пятніцу, 25 лістапада з другой да чацьвёртай гадзіны дня і з 7-й да 9-й вечара (паніхіда) па адрасе: Patterson Funeral Home, 6062 Main St., Niagara Falls.
У панядзелак, 28 лістапада а 10-й гадзіне раніцы ў царкве сьвятога Кірылы Тураўскага адбудзецца абрад паховінаў, затым пахаваньне на Prospect Cemetery, Toronto.
Прыяжджайце, калі ласка, разьвітацца з сьветлай памяці Барысам Кіркаю.
Парафія Сьвятога Кірылы Тураўскага,
Згуртаваньне Беларусаў Канады

Каментарыi адключаны.