
106 ГАДОЎ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ
Дарагія землякі, дарагія беларусы. Віншую нас усіх з Днём Беларускай Волі. 106 гадоў таму,
25 Сакавіка 1918 года, была аб’яўлена незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.
Незалежнасьць БНР засьведчылі выбраныя народам беларускія палітычныя дзеячы, якія стварылі
дзяржаўную ўладу і выканалі волю Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу 1917 года, што
прадстаўляў усе сацыяльныя пласты насельніцтва Беларусі, партыі, арганізацыі і нацыянальныя
групы.
25 Сакавіка 1918 года была засьведчана гістарычнае ажыцьцяўленьне Беларускай
Нацыянальнай Ідэі, якая стала непераможнай. 73 гады наступнай савецка-маскоўскай акупацыі,
нечуваны глум і зьдзек расейскіх бальшавікоў, рэпрэсіі і забойствы народа ня зьнішчылі ідэалаў
беларускай нацыянальнай свабоды. 25 Жніўня 1991 года яны былі адроджаны Беларускім
Народным Фронтам “Адраджэньне”, створана незалежная Рэспубліка Беларусь, і велічная Пагоня
зноў разьвіваецца на нашых беларускіх Бел-Чырвона-Белых штандарах.
І цяпер, у час новай расейскай акупацыі і новай вайны, у час выпрабаваньняў, нам сьвецяць
ідэалы Сакавіка і ўздымаюць наш дух, паказваюць нам шлях да перамогі, якая абавязкова
настане, і на гэты раз — назаўсёды.
Гэтая расейская гібрыдная вайна павінна стаць апошняй расейскай захопніцкай вайной.
Сьвет пачынае разумець, што расейскі “мордэр” як прычына сусьветных войнаў, на гэты раз мусіць быць спынены і разбураны.
Толькі пасьля спыненьня маскоўскай агрэсіі і дэзінтэграцыі Расеі могуць па-сапраўднаму
адрадзіцца і квітнець без пагрозы вайны вольная Беларусь, вольная Украіна і вольныя краіны
Прыбалтыкі. Тады ідэалы волі і ідэалы 25-га Сакавіка зазьзяюць ва ўсёй велічы, будучыня
Беларусі стане моцнай і непахіснай. Дзень Волі — гэта вялікае сьвята Беларускага народа.
Асаблівае віншаваньне для нашых эміграцыйных беларускіх арганізацыяў, якія непахісна
трымалі і трымаюць сьцяг Незалежнасьці, волі і свабоды Беларусі. І, перш за ўсё, — віншаваньні
для Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, для Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня ў ЗША, для Згуртаваньня Беларусаў Канады, для беларускіх ваяроў Палка імя Кастуся Каліноўскага, якія са зброяй змагаюцца ва Украіне сапраць расейскага агрэсара, для Таварыства Беларускай Культуры ў Вільні і для шматлікіх іншых ва ўсім сьвеце, якія памятаюць пра Беларусь, узвышаюць яе і працуюць дзеля сьветлай будучыні нашай дарагой Бацькаўшчыны.
Жыве Беларусь! Жыве з Богам! Слава Айчыне!
25 Сакавік 2024 г.
Зянон ПАЗЬНЯК
Каментарыi адключаны.