Андрэй Саньнікаў прэзэнтаваў сваю кнігу ў Канадзе
Прэзэнтацыя кнігі Андрэя Саньнікава «Мая гісторыя. Беларуская “Амэрыканка”, або выбары пры дыктатуры» былі арганізаваныя Згуртаваньнем Беларусаў Канады 17 лістапада адразу ў двух гарадох Антарыё. Таронта прывітаў былога палітзьняволенага, кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі 2010 году, намесьніка Міністра Замежных спраў Беларусі 1995-1996 г. Андрэя Саньнікава ў Беларускім грамадзка-рэлігійным цэнтры Таронта ўвечары. Раніцай таго ж дня беларусам Атавы на чале з старшынём Атаўскага адзьдзелу ЗБК Пётрам Мурзёнкам таксама выпаў шанец сустрэць аўтара кнігі і паразмаўляць пра лёс палітыка і будучыню Беларусі.
Падчас сустрэч у Атаве й Таронта Андрэй Саньнікаў распавёў пра выбарчую сытуацыю 2010 году, пра тое, што адбывалася ў дзень выбараў-2010 на плошчы, пра ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары КДБ, а таксама адказаў на шматлікія пытаньні прысутных і падпісаў стос сваіх кніг.
Як кандыдат у прэзыдэнты Беларусі 2010 году і як былы палітзьняволены Андрэй Саньнікаў ня мог не распавесьці пра сытуацыю з Уладзімерам Кондрусем. Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасьці прызналі палітычна матываваным крымінальны перасьлед Уладзімера Кондруся, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў так званых «масавых беспарадках» 19 сьнежня 2010 году. Днямі, пасьля таго як ён на знак пратэсту лёг падчас суду і спрабаваў парэзаць сабе вены, каб прыцягнуць увагу, яго пазбавілі права прымаць удзел у судзе, то бок ніхто яго да канца разгляду судовае справы не пабачыць.
На сустрэчы ў Таронта прысутнічаў Маркус Колга, сябра Рады грамадзкіх арганізацый Цэнтральнай і Усходняй Эўропы у Канадзе (Central and Eastern European Council in Canada), а таксама грамадзкі актывіст і журналіст, які распавёў пра працу Рады і параіў беларусам замежжа быць больш актыўнымі і зьвяртацца да прадстаўнікоў мясцовай улады, каб мець большы ўплыў на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.
Старшыня Згуртаваньня Беларусаў Канады Зьміцер Эльяшэвіч прадставіў палітыка і аўтара кнігі беларусам Таронта і павіншаваў Саньнікава з вылучэньнем на прэмію Южы Гедройца, якую ўручае прэстыжнае польскае выданьне «Rzeczpospolita».
Напрыканцы мерапрыемства Андрэй Саньнікаў і Маркус Колга атрымалі ў падарунак майкі з вышытым беларускім узорам, распрацаваным Віялетай Кавалёвай.
Каментарыi адключаны.