Беларускі народны строй у Таронта
27 лютага пры падтрымцы Згуртаваньня Беларусаў Канады і Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы Сьв. Кірылы Тураўскага адбыўся спэцыяльны выпуск Мова Нанова ў Таронта на тэму “Беларускі народны строй”.
Наш экспэрт тэматычнага блёку Алена Лявончанка зрабіла падрабязную прэзэнтацыю пра часткі народнага строю, дэкаратыўныя элемэнты і тэхніку выкананьня.
Госьць тэматычнага блёку Ірына Варабей, майстэрка-дызайнер па вышыўцы, заснавальніца мастацка-дызайнерскай кампаніі “Spirit of Belarus” у Канадзе, распавяла пра ўзоры ў вышыўцы, іхнюю сымболіку й гісторыю паходжаньня.
Сапраўдным сюрпрызам для наведвальнікаў вечарыны сталася магчымасць пабачыць шляхецка-магнацкія строі, у прыватнасьці рэканструкцыю строю Канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі. Алесь Кот і яго жонка Святлана, Віталь Кошалеў і яго жонка Паліна далі невялікі экскурс у гісторыю супрацьстаяньня магнацкіх радоў у Вялікім Княстве і Рэчы Паспалітай і заклікалі не паўтараць памылкі мінуўшчыны, адкінуць спрэчкі і згуртавацца вакол нацыянальнай ідэі.
Яшчэ адзін падарунак атрымалі слухачы заняткаў. Вядомая сьпявачка Святлана Літвінава, якая на працягу 15 гадоў была салісткай Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча, падаравала ўдзельнікам Мова Нанова ў Таронта некалькі цудоўных беларускіх песьняў.
Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі мелі магчымасьць не толькі пабачыць, але і прымераць намітку і іншыя галаўныя ўборы і паўдзельнічаць у шоў нацыянальных галаўных убораў.
Заключнай часткай Мова Нанова ў Таронта на тэму Беларускі народны строй сталіся беларускія народныя і сярэднявечныя танцы.
Наступны выпуск Мова Нанова ў Таронта 12 сакавіка. Тэма: Масьленіца.
Каментарыi адключаны.