Вандроўка да Беларускага Памятнага Крыжа ў Мідлэндзе

Традыцыйная вандроўка да Беларускага Крыжа ў Прошчы Пакутнікаў што ля Мідлэнду (Антарыё) адбылася 4 чэрвеня. Сябры Згуртаваньня Беларусаў Канады і Парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы штогод наведваюць гэты сымбаль веры і беларушчыны.
Сёлета акрамя мэмарыялу беларусы завіталі ў музэй сярэднявечча, што паўстаў у адноўленым манастыры побач з Прошчай.
P1040128_crop

Крыж упершыню паўстаў у 1988 годзе ў гонар 1000-годзьдзя хрысьціянства на Беларусі. Арганізатарамі і галоўнымі фундатарамі гэтага праекту былі Вінцук і Раіса Жук-Грышкевічы, удзел прымалі дзеячы беларускай эміграцыі з усяго сьвету. У 1995 годзе побач усталявалі сымбалічны камень у памяць усіх загінулых ад рук камуністычных катаў. У 2013 годзе крыж давялося дэмантаваць, бо за 25 гадоў ён спарахнеў дашчэнту. Тады ж новае пакаленьне беларускае эміграцыі аднавіла крыж, пацьвердзіўшы сваю вернасьць беларушчыне. Аўтар новага крыжа – Юрась Шаўчэнка.
Правялебны Ўладыка Сьвятаслаў прачытаў малітву за беларускі народ.
IMG_2523_crop
Старшыня Згуртаваньня Беларусаў Канады Дзьмітры Эльяшэвіч прачытаў знакаміты верш Натальлі Арсеньневай, які яна прысьвяціла крыжу ў Мідлэндзе.
P1040127
Напрыканцы афіцыйнае часткі імпрэзы сябры ЗБК прасьпявалі гімн “Магутны Божа”.
IMG_2537
Пасьля традыцыйнага пачастунку удзельнікі наведалі музэй Прошчы Пакутнікаў.
Сёньня Прошча Пакутнікаў – нацыянальны мэмарыял, дзе прадстаўнікі розных народаў сьвету, што жывуць у Канадзе, маюць свае нацыянальныя хрысьціянскія сьвятыні. Але гэты мэмарыял быў створаны не ў выпадковым месцы: 377 гадоў таму тут было заснаванае першае па-за межамі Квэбэку паселішча: манастыр Сьвятой Марыі сярод Гуронаў. Манахі ордэну Езуітаў прапаведавалі хрысьціянства ў навакольных вёсках індзейцаў. Васьмёра сьвятых айцоў загінулі падчас гэтае місіі і пазьней былі прынятыя ў лік сьвятых.
vlcsnap-2016-06-12-17h35m28s953
У наш час амаль цалкам драўляны манастыр старана адноўлены, там зроблены жывы музэй: наведвальнікі могуць убачыць, як жылі людзі ў тыя часы. Супрацоўнікі музэю паказваюць наведвальнікам, як працавалі ў даўніну кавалі й цесьлі, як нарыхтоўвалі скуры й рабілі ежу.
P1040137
Музэй даволі вялікі, ёсьць магчымасьць памацаць і адчуць пах сярэднявечча. Беларусы зь цікавасьцю разглядалі рэканструкцыю, дзяліліся ўспамінамі аб беларускіх вёсках, дзе раз-пораз яшчэ можна ўбачыць шмат гэткіх жа дэталяў вясковага побыту, якія ў Канадзе засталіся хіба ў музэі.
P1040135

Каментарыi адключаны.