Дзень Герояў у Таронта: Я люблю Беларусь!
25 лістапада ў Беларускім Цэнтры Таронта Арт-Гасьцёўня “На покуці” і Згуртаваньне Беларусаў Канады адзначылі Дзень Герояў.
З нагоды 97-ай гадавіны пачатку Слуцкага Збройнага Чыну заля была ўпрыгожаная нацыянальнымі сьцягамі і партрэтамі тых, хто прысьвяціў, а болей і паклаў сваё жыцьцё дзеля Бацькаўшчыны: ад Вялікіх Князёў Літоўскіх да расстраляных у 1930-я паэтаў і выбітных дзеячоў эміграцыі.
Да ўвагі наведвальнікаў былі фотакопіі “Нашай Нівы” часоў Слуцкага Збройнага Чыну, што дазвалялі бліжэй пазнаёміцца з духам таго часу, з тым, чым жылі й чаго прагнулі тагачасныя беларусы.
Напачатку імпрэзы новаабраная Старшыня ЗБК Алена Лявончанка зачытала прывітальны ліст ад Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы (падаецца ніжэй). Сьледам Алесь Кот зачытаў традыцыйную Лісту Герояў Беларусі, што загінулі за волю Бацькаўшчыны.
Успаміналі падзеі Слуцкага Збройнага Чыну, лёс расстраляных паэтаў, дзеячоў паваеннай эміграцыі (сярод якіх асобна – заснавальніка ЗБК Кастуся Акулу), што ўцяклі ад сталінскай машыны забойства і трымалі сьцяг беларускае культуры на выгнаньні. Прыгадалі, што праз усе гэтыя падзеі прайшоў лёс выдатнай беларускай паэткі, аўтаркі гімну “Магутны Божа” – Натальлі Арсеньневай. Якраз у адным з нумароў “Нашай Нівы” за 1920 год стаўся яе дэбют у друку зь вершам “Мой родны край”.

Асноўная часткай імпрэзы сталася чытаньне вершаў “Я люблю Беларусь”. Чыталі дарослыя і, што ўсьцешыла болей за ўсё – дзеткі. Варта разумець, як цяжка ва ўмовах ангельскамоўнае краіны захаваць нават кавалачак беларускае культуры ў дзецях, таму выступы маленькіх чытачоў прайшлі пад усеагульныя воплескі.
Па выніках галасаваньня найлепшыя чытачы атрымалі падарункі з рук спонсара й натхняльніка конкурсу – Паўла Бягуна.
Яскрава вяла імпрэзу стваральніца Арт-гасьцёўні “На покуці” Ірына Тоўсьцік.
Да Дня Герояў 2017
Дарагія суродзічы!
У лістападзе шмат якія народы ўшаноўваюць памяць сваіх герояў. Прыкладам, а 11-ай гадзіне 11-га дня 11-га месяца ўся Канада аддае пашану хвілінай маўчаньня сваім змагарам. Ад прадстаўнічкі каралевы да вэтэранаў і звычайных грамадзянаў, старыя і маладыя, з удзячнасьцю прыгадваюць суайчыньнікаў, якія аддалі жыцьцё на алтар Бацькаўшчыны. Ускладаюцца вянкі на магілах невядомых жаўнераў і паўсюль адбываюцца адпаведныя абрады.
Беларускі народ да нядаўняга часу ня ведаў – бо было забаронена ведаць – пра сваіх першых герояў першай у ХХ стагодзьдзі беларускай дзяржавы, нашых слаўных Случчакоў, якія ў 1920 змагаліся за Беларускую Народную Рэспубліку. Толькі ў вольным сьвеце беларусы пра іх ведалі і з удзячнасьцю іх ушаноўвалі ў канцы лістапада.
У гэтым 2017 годзе ў Беларусі яшчэ ўсё трэба прасіць дазвол ў гарадзкіх управах, каб магчы ўшанаваць іх памяць. І паколькі ніколі не вядома, у якой ступені “чалавечкі ў цывільным” дазволяць спакойна адзначыць Дзень Герояў, выходзяць на вуліцы не дзесяткі тысяч, а толькі пару сотняў удзячных патрыётаў.
Дарагія суродзічы! Віншую вас сёньня ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з гэтай вялікай падзеяй у жыцьці нашага народу – Слуцкім Збройным Чынам.
Успомніце з удзячнасьцю тых дзесяць тысяч Герояў, якія хацелі вас абараніць ад надыходзячага захопніка-чужынца. Яны на гэта заслужылі.
Вечная ім памяць!
Жыве Беларусь!
Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Каментарыi адключаны.