Калядны выпуск Мова Нанова ў Таронта
“Ішла Каляда калядуючы…”
12 сьнежня пры падтрымцы Згуртаваньня Беларусаў Канады і Царквы Сьвятога Кірылы Тураўскага адбыўся Калядны выпуск Мова Нанова ў Таронта з каляднікамі (Фольк-гурт “Яваровы людзі ”), якія не толькі самі прыйшлі, а Казу з сабой прывялі, Бусла і Мядзьведзя.
Асабліва прыемным сюрпрызам для ўдзельнікаў нашых заняткаў стаўся відэазапіс каляднай гісторыі ад Уладзімера Арлова, запісанага ў Менску нашымі сябрамі адмыслова для Каляднага выпуску Мова Нанова ў Таронта.
Граматычны блёк быў займальным і інтэрактыўным, са сьвяточнай віктарынай і групавымі заданьнямі па беларускай мове. Міталягічны аспэкт Калядаў, сымбалі і іх значэньні маляўніча і падрабязна прадставіла ў тэматычным блёку доктар навук Алена Лявончанка.
Госьць тэматычнага блёку, Надзея Дробіна, старшыня Рады Парафіі Беларускай Царквы ў Таронта падзялілася сваёй гісторыяй Калядаў, бо памятае з маленства, як святкавалі Каляды, што рабілі, што апраналі ў славутай вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёну Гомельскай вобласьці, дзе яна нарадзілася. Усе абрады, звязаныя з Калядамі, Надзея бачыла на свае ўласныя вочы і дэталёва памятае многія з іх.
Першагерарх Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, Архіэпіскап Наваградзкі й Паўночнаамэрыканскі Сьвятаслаў паведаў пра боскія цуды з усяго сьвету, што здараюцца ў час, калі надыходзяць Каляды.
Сакратар Галоўнай Управы Згуртаваньня Беларусаў Канады Віталь Кошалеў дзеліцца ўражаньнямі пра Калядны выпуск Мова Нанова ў Таронта: “Вельмі прыемна бачыць новыя твары, пачуць новыя галасы. Мы радыя, што Мова Нанова ў Таронта набірае сваю папулярнасьць і аўтарытэт. Удзельнікі сем’ямі з’язджаюцца з розных гарадоў Канады, каб далучыцца да беларускай культуры. Гэтым разам мы пазнаёміліся з Сяржуком і Натальляй з Лёндану (Онтарыё) і былі ўсьцешаныя тым, што іх дочкі вывучаюць беларускую мову праз Скайп з настаўніцай зь Беларусі. Мне вельмі прыемна, што традыцыя навучаньня беларускай мове за мяжой працягваецца, а Мова Нанова ў Таронта дапамагае знайсьці аднадумцаў і неабыякавых да беларускай культуры людзей”.
Традыцыйна ўдзельнікі Мова Нанова ў Таронта атрымалі духмяныя самаробныя пернікі.
Каментарыi адключаны.