Мова Нанова цяпер і ў Таронта. Першыя заняткі

7 лістапада 2015 году ў Таронта Мова Нанова пры падтрымцы Згуртаваньня Беларусаў Канады распачала свой першы сэзон інтэрактыўных заняткаў беларускай мовы.пернікі

Журналіст Глеб Лабадзенка і філёляг Алеся Літвіноўская, заснавальнікі курсаў Мова Нанова ў Беларусі, прывіталі ўдзельнікаў Мовы Нанова ў Таронта праз загадзя запісаны відэа-зварот, бо розніца ў часе не дазволіла зрабіць гэта онлайн. У Беларусі ў гэты час была акурат ноч.

https://www.youtube.com/watch?v=mIqBz7UbIZM

Граматычны блёк прадставіў старшыня Згуртаваньня Беларусаў Канады, лінгвіст Зьміцер Эльяшэвіч.

Тэмай першых заняткаў сталася “Здаровае харчаваньне”. Доктар малекулярнай біялёгіі Алена Лявончанка падрыхтавала прэзэнтацыю, наўзвочна прадэманстравала хімічныя працэсы, якія адбываюцца ў нашым арганізьме падчас страваваньня, і як карысная і некарысная ежа ўплывае на нашае здароўе.

Нягледзячы на глыбокую ноч па беларускім часе, жывы голас з Беларусі ўсё ж такі быў пачуты. Скайп-госьць з Беларусі, дацэнт Мэдычнага Ўнівэрсытэту Віталь Кошалеў цярпліва чакаў відэазлучэньня з Таронта і з задавальненьнем адказаў на пытаньні ўдзельнікаў мерапрыемства пасьля сваёй прэзэнтацыі пра здаровае харчаваньне.

Госьць тэматычнага блёку – сямейны лекар Юлія Барыла, якая практыкуе ў Таронта, таксама адказала на пытаньні, што хвалявалі ўдзельнікаў Мова Нанова ў Таронта.

Працягам музычнага блёку выступаў беларускі фольк-гурт з Таронта “Яваровы людзі”. Слухачы разам з гуртом сьпявалі песьні й гралі на музычных інструмэнтах.

Ірына Тоўсьцік, вядучая й адна з ініцыятараў Мова Нанова ў Таронта, пра курсы: “Атрымалася такая ўтульная, цікавая, займальная й пазнавальная сустрэча. Хочацца адзначыць, што Мова Нанова ў Таронта – гэта ня толькі вывучэньне мовы й культуры Беларусі, гэта таксама яднаньне, наладжваньне сувязяў (networking) сярод беларусаў Таронта. Для дзетак у нас былі арганізаваныя столікі з алоўкамі, маляванкамі й самаробкамі, каб бацькі, якім няма з кім пакінуць дзетак, таксама мелі магчымасьць паўдзельнічаць у нашых занятках. Мы шчыра запрашаем усіх зацікаўленых беларусаў на нашыя наступныя сустрэчы. Заняткі будуць адбывацца раз на месяц у будынку Беларускага Грамадзка-рэлігійнага Цэнтру Таронта 524 St.Clarens Ave. Toronto M6H 3W7 Canada.

Расклад наступных заняткаў Мова Нанова ў Таронта на 2015-2016

  • 12 сьнежня 2015 Тэма: Каляды
  • 24 студзеня 2016 Тэма: Беларускія стравы
  • 28 лютага 2016 Тэма: Масьленіца
  • 12 сакавіка 2016 Тэма: Вясна
  • 16 красавіка 2016 Тэма: Вялікдзень
  • 7 траўня 2016 Выпускны

Каментарыi адключаны.