Мова Нанова ў Таронта: Юбілей фольк-гурту “Яваровы людзі”
28 траўня адбыўся заключны ў гэтым сэзоне выпуск Мова Нанова ў Таронта, прысьвечаны юбілею фольк-гурту “Яваровы людзі”. Гурт адсьвяткуе сваё 15-годзьдзе ў чэрвені.
Упершыню выступ будучага гурту “Яваровы людзі” адбыўся 24 чэрвеня 2001 году ў Кітчэнэры на мультыкультурным фэсьце. Там выступалі сябры Згуртаваньня Беларусаў Канады, якія пасьля арганізаваліся ў гурт пад назвай “Яваровы людзі”. Ад пачатку і да сёньняшняга дня калектывам кіруе Віялета Кавалёва.
«Яваровы людзі» атрымалі шмат віншаваньняў з розных куткоў Канады і Беларусі, у тым ліку ад старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы. Зьвяртаючыся да ўдзельнікаў гурту, Івонка Сурвілла, у прыватнасьці, напісала: “Вы сталіся найлепшымі амбасадарамі нашага народу ў Канадзе. Так, як старэйшая эміграцыя захоўвала сваю мову і свае традыцыі, тады калі яны нішчыліся на Бацькаўшчыне, так вы цяпер захоўваеце нашыя каштоўнасьці для будучай вольнай Беларусі”. Сябры з баўгарскага калектыву “Igranka” падрыхтавалі танцавальнае віншаваньне для юбіляраў і развучылі з гледачамі баўгарскія танцы.
Наведнікі Мова Нанова ў Таронта пачулі пра асноўныя вехі гурту «Яваровы людзі», асабістыя гісторыі ўдзельнікаў, паглядзелі відэазапісы выступаў калектыву з розных гадоў і, вядома, пачулі нажывую песьні розных часоў.
З нагоды юбілею фольк-гурт “Яваровы людзі” адзначаны Згуртаваньнем Беларусаў Канады (ЗБК) ганаровай граматай «за важкі ўнёсак у захаваньне і разьвіцьцё Беларускага грамадзка-рэлігійнага цэнтру ў Таронта і беларускага арганізацыйнага і культурнага жыцьця ў Канадзе». Узнагароды атрымалі і тыя ўдзельнікі гурту, якія да гэтага часу нястомна і аддана ўкладаюць свой час, энэргію і матэрыяльную дапамогу на захаваньне і развіцьцё Беларускага цэнтру ў Таронта. Старшыня ЗБК уручыў асабістыя ганаровыя граматы Віялеце Кавалёвай, Вячаславу Кавалёву, Валянціне Шаўчэнка, Юрыю Шаўчэнку, Надзеі Дробінай, Вользе Манькоўскай і Філіпу Тананку.
Цікавосткі зь гісторыі гурту:
- Выдадзена 2 альбомы: «Іскарка-прыгаўка» і «Вырай». Рыхтуюцца да выхаду альбомы з радзіннымі й застольнымі песьнямі.
- Сьпеўны залаты фонд “Яваровых людзей” налічвае каля 200 песень. Многія песьні выкарыстаны ў фольк-м’юзыкле «То-то-то» , паказаным падчас 30-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі, якая праходзіла ў Таронта ў 2012 годзе. Цяпер удзельнікі гурту працуюць над музычным фільмам, зьнятым паводле гэтага м’юзыкла.
- Амаль 30 чалавек бралі ўдзел у самым першым канцэрце «Яваровых людзей» у Кітчынеры ў 2001 годзе.
- У калектыве па сёньняшні дзень засталіся нязьменнымі ўсяго тры ўдзельнікі гурту, якія сьпяваюць у гурце ад самага пачатку: Віялета Кавалёва, Валянціна Шаўчэнка і Надзея Дробіна. За 15 гадоў склад гурту ўвесь час зьмяняўся, агулам бралі ўдзел больш за 100 чалавек.
- «Яваровы людзі» запісалі 5 навагодніх відэапаштовак, якія кожны год імкліва разьлятаюцца па ўсім сьвеце. Мінулагодняя відэавіншаванка набрала амаль 5 тысяч праглядаў за 2 дні.
- Гурт выступіў у 12 гарадах Канады і ЗША. Салістка гурту Аляксандра Саленік брала ўдзел у фольк-фэсьце “Камяніца” пад Менскам.
- Рэпэтыцыі гурту праводзяцца кожную сераду ў Беларускім грамадзка-рэлігійным цэнтры ў Таронтa. Пачатак а 6-ай вечара. У гурт прымаюцца ўсе, незалежна ад музычных і вакальных здольнасьцяў.
Па гэтай спасылцы можна паглядзець болей фота з імпрэзы. Аўтар фота: Уладзімір Касьцючэнка.
Каментарыi адключаны.