Святкаванне 98-х ўгодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў Атаве
16-га красавіка 2016 года ў Атаве адбылося святкаванне 98-х ўгодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Святкаванне пачалося малітвай за Беларусь, якую прачытаў святар Беларускай Праваслаўнай Царквы епіскап Святаслаў.
З грунтоўным дакладам пра гістарычную ролю 25-га сакавіка, як Дня Беларускай Незалежнасці, выступіў старшыня атаўскага аддзелу Згуртавання Беларусаў Канады Пётра Мурзёнак. У свам дакладзе спадар Пётра Мурзёнак засяродзіў увагу на біяграфіях усіх старшынь Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, бо сёлетняе святкаванне Дня Абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі супала з 80-гадовым юбілеем дзеячай Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі спадарыні Івонкі Сурвіллы.
З шчырымі словамі падзякі і віншаваннямі выступілі Старшыня Згуртавання Беларусаў Канады Зьміцер Эльяшэвіч, Старшыня Атаўскага адзела Згуртавання Беларусаў Канады Пётра Мурзёнак, прафесар універсітэта Ватерлоо Зіна Гімпелевіч, гісторык Галіна Туміловіч і многія іншыя. Усе выступоўцы выказваліся павагу і ўдзячнасць за працу на карысць Беларусі, якую спадарыня Івонка робіць напрацягу ўсяго свайго жыцця. Жадалі здароў’я, мужнасці і сіл, каб адметная дзейнасць спадарыні Івонкі працягвалася як мага болей. Спадарыня Івонка пракаментавала слайды, якія адлюстравалі цікавы і плённы жыццёвы шлях юбіляра.
Працягам сустрэчы стаў святочны канцэрт, прысвечаны спадарыне Івонке Сурвілла, ў якім прынялі ўдзел Валянціна Шаўчэнка, якая праспявала беларускія песні, адна з якіх – “Сцяг” на словы Ўладзіміра Некляева – найбольш уразіла сваёй шчырасцю і яскравасцю выканання; Юрась Шамецька прачытаў уласныя вершы; класічны дуэт Галіны Резаіпур (скрыпка) і Тэрэзы Бакус (фартепіано) выканаў п’есу Вагнера “Лісток з альбома”; дуэт “Кантабіле” выканаў папуры вядомых беларускіх песень у суправаджэнні слайдаў беларускіх краявідаў, падрыхтаваных (дарэчы, як і слайды аб жыцці спадарыні Івонкі) Алесем Каралькевічам. Канцэрт завяршыўся яскравым выступам фальклёрнага гурта пад кіраўніцтвам Віялеты Кавалёвай “Яваровы людзі”, які парадаваў гледачоў новым рэпертуарам беларускіх фальклёрных песен. Напрыканцы прысутнічыя доўга яшчэ не разыходзіліся і спявалі беларускія песні пад акампанімент баяніста Юрася Жвалікоўскага, якія напаўнялі вечар пачуццём еднасці ў родным і непаўторным беларускім асяроддзі.
Каментарыi адключаны.