Сьвяткаваньне Дню Волі ў Таронта

У нядзелю 29 сакавіка сябры Згуртаваньня Беларусаў Канады адзначалі Дзень Волі.

Пасьля ўрачыстай богаслужбы й абеду ў сяброўскім коле былі зачытаныя віншаваньні, што надышлі ў ЗБК з нагоды сьвята. Сур’ёзныя й глыбокія гістарычныя лекцыі былі аздобленыя жвавым выступам таронтаўскага сьпеўнага гурту «Яваровы людзі».

Першы даклад прэзэнтавала кандыдат гістарычных навук Галіна Сяргеева (у мінулым старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі). Спадарыня Галіна ня толькі распавяла пра гістарычныя падзеі, што датычыліся гэтае памятнае даты, але і пра іхныя наступствы, узьдзеяньне на далейшую гісторыю Беларусі, ажно да нашых часоў.

DSC01066

Другі даклад ладзіў Першагерарх Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, Архіэпіскап Наваградзкі й Паўночнаамэрыканскі Сьвятаслаў. З выкарыстаньнем гістарычных мапаў ён распавёў пра тое, як праз стагодзьдзі разам ішлі беларускі народ, беларуская дзяржава (ад старажытных княстваў да сучаснае Беларусі) і беларуская Царква. На жывых прыкладах ён даводзіў, як са зьменамі межаў дзяржавы ды ўладаў, зьмяняліся межы ды жыцьцё нацыянальнае Царквы, як цесна павязаныя лёсы Бацькаўшчыны й Царквы.

Паміж двума гістарычнымі расповедамі шмат радасьці й вясновага настрою прынесьлі сьпевы беларускага канадзкага гурту «Яваровы Людзі». Усе ў залі так прачуліся мілагучнымі беларускімі народнымі сьпевамі ды акторскім талентам гурту, што ў карагод разам з «Яваровымі людзьмі» сталі амаль усе прысутныя – і стары, і малы.

karahod_cropПа сканчэньні сьвята сябры яшчэ доўга не разыходзіліся, вядучы гаворку на роднай мове, чаго часам так не стае на эміграцыі.

Жыве Беларусь!

Віншаваньне – Івонка Сурвілла

Віншаваньне – Зянон Пазьняк

Віншаваньне – а. Леанід Акаловіч

Віншаваньне – Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне

Віншаваньне – Беларуская Салідарнасьць

Віншаваньне – ЗБС Бацькаўшчына

Каментарыi адключаны.