30-я сустрэча Беларусаў Паўночнай Амерыкі


1-3 верасьня 2012 г. у Таронта адбылася юбілейная 30-я Сустрэча беларусаў

Паўночнай Амэрыкі, арганізаваная Згуртаваньнем Беларусаў Канады (ЗБК) і
Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньнем (БАЗА).

Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі праходзяць штодва гады, пачынаючы
ад 1952 году.

У беларускім грамадзка-рэлігійным цэнтры Таронта сабралося больш за 70
чалавек, якія рэпрэзэнтавалі шматлікія беларускія суполкі ЗША і Канады.

Пасля малітвы за беларускі народ Сустрэчу адкрыла старшыня Згуртаваньня
Беларусаў Канады спадарыня Валянціна Шаўчэнка. З прывітальнымі словамі да
ўдзельнікаў Сустрэчы выступілі: старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
спадарыня Івонка Сурвіла, старшыня Галоўнай Управы Беларуска-Амэрыканскага
Задзіночаньня спадарыня Ганна Сурмач, старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай
Партыі — БНФ спадар Зянон Пазьняк, лідэры рэгіянальных беларускіх суполак
ЗША і Канады.

Выступае старшыня ЗБК Валянціна Шаўчэнка

Выступае старшыня БАЗА Ганна Сурмач

Выступае старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла

Выступае старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Зянон Пазняк

Пісьменніца Вольга Іпатава зачытвае прывітаньне ад Згуртаваньня беларусаў
сьвету «Бацькаўшчына»

Былі зачытаныя прывітальныя лісты ад прэм’ер-міністра правінцыі

Антарыё спадара Далтана МакГінты і старшыні Згуртаваньня беларусаў
сьвету «Бацькаўшчына» спадарыні Алены Макоўскай.

У першы дзень Сустрэчы, галоўная тэма якой была сфармуляваная як “Праблемы
сучаснай беларускай эміграцыі”, адбыліся круглыя сталы, дзе ўдзельнікі форуму
абмеркавалі наступныя пытаньні: ’’Рынак працы“, ’’Захаваньне і падтрымка
беларускай культуры на эміграцыі’’, ’’Сям’я і эміграцыя’’.

Падчас сустрэчы было вырашана зрабіць агульны здымак удзельнікаў і даслаць
яго са словамі падтрымкі да беларускіх палітвязьняў, каб выказаць сваю
салідарнасць з усімі, хто церпіць за дэмакратычную будучыню Беларусі.

Напрыканцы першага дня госьці Сустрэчы былі запрошаныя на канцэрт.
Ён распачаўся літаратурна-музычнай кампазыцыяй з удзелам атаўскага
дуэта «Кантабіле» (скрыпачка Ўлада Шамецька і гітарыст Міхась Рыкаў) і паэтаў
Юрася Шамецькі і Пятра Мурзёнка. У другім аддзеляньні канцэрту выступалі
Сьвятлана Літвінава зь беларускімі народнымі песьнямі і Валянціна Шаўчэнка, якая
выконвала беларускія рамансы.

Пётр Мурзёнак, Юрась Шамецька i Дуэт «Кантабіле» 

Сьвятлана Літвінава

Міхась Рыкаў і Валянціна Шаўчэнка

На другі дзень удзельнікі Сустрэчы ажыцьцявілі пілігрымку да Беларускага
памятнага крыжа у Мідландзе, дзе прайшла прэзэнтацыя кніг беларускіх аўтараў
на эміграцыі і была прынята канчатковая рэзалюцыя, у якой удзельнікі Сустрэчы
выказаліся за захаваньне адметнай беларускай прысутнасьці за межамі
Беларусі, за падтрымку беларускай мовы, культуры і традыцый сярод беларускай
супольнасці Злучаных Штатаў і Канады.

Пілігрымка да Беларускага памятнага крыжа

Сярод канкрэтных захадаў, якія маюць служыць гэтай агульнай мэце, удзельнікі

Сустрэчы вылучылі:

— інфармацыйную і фінансавую падтрымку беларускіх пэрыядычных выданьняў,
асабліва беларускага эміграцыйнага друку;
— падтрымку дзейнасьці Рады Беларускай Народнай Рэспублікі як асноўнага
палітычнага цэнтру на эміграцыі;

— інфармаваньне ўрадавых арганізацый ЗША і Канады аб сытуацыі з правамі
чалавека ў Беларусі;
— падтрымку дзейнасьці беларускіх цэркваў у замежжы як духоўных цэнтраў
і апірышча для эмігрантаў;
— падтрымку пастаянных кантактаў з Бацькаўшчынай ды сілаў, якія змагаюцца
супраць дыктатуры за незалежнасьць і дэмакратыю.

У асобнай рэзалюцыі ўдзельнікі Сустрэчы ў Таронта выказалі салідарнасьць
з палітычнымі зьняволенымі ў Беларусі, ды зьвярнуліся з патрабаваньнем
да беларускіх уладаў вызваліць усіх палітычных вязьняў ў Беларусі, спыніць
перасьлед апазыцыйных партый і грамадзкіх рухаў.

Увечары другога дня фальклёрны тэатар «Яваровы людзі” пад кіраўніцтвам
Віялеты Кавалёвай паказаў прэм’еру мюзікла “То-То-То!”. Пасля спэктаклю фольк-
гурт зладзіў для гледачоў вячоркі з танцамі ды сьпевамі.

Фальклёрны тэатар «Яваровы людзі”

Сцэна з Мюзікла “То-То-То!”

Здымак пасля спектакля

Наступная, 31-я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі адбудзецца ў 2014 г. у
Злучаных Штатах Амэрыкі.

Жыве Беларусь!

Каментарыi адключаны.