Рэзалюцыя No 1 30-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі
Рэзалюцыя No 1
30-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі
Таронта, 2 верасня 2012 года
Мы, удзельнікі 30-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, абмеркавалі сучасную сітуацыю ў беларускім замежжы – дасягненні, праблемы, цяжкасці і перашкоды, якія маюць месца ў жыцці беларускай эміграцыі на паўночна-амерыканскім кантыненце. Цяпер у эміграцыйных асяродках наступіў час вялікіх пераменаў, старэйшае пакаленне эмігрантаў у большасці адышло, і на змену яму прыходзяць новыя маладыя сілы. Мы звяртаемся да ўсіх нашых суродзічаў з заклікам прыкласці ўсе намаганні, каб захаваць у Паўночнай Амерыцы і свеце беларускую прысутнасць.
Мы канстатуем, што:
– грамадскае жыццё беларускага замежжа будуецца на ідэалах 25-га Сакавіка, шанаванні і падтрымцы нацыянальнай культуры, спрыянні дэмакратычным зменам на Бацькаўшчыне;
– даўняя гісторыя, традыцыі ды асягненні дыяспары і яе асобных асяродкаў у ЗША і Канадзе жывуць і сёння – у нацыянальных святкаваньнях, рэлігійным жыцці, перыядычных выданнях, фальклорных канцэртах, нядзельных школах.
Мы лічым , што паўсюднае яднанне ў свеце, на Радзіме, у далёкім і блізкім замежжы з’яўляецца адной з найважнейшых задач беларусаў на сучасным этапе. Дзеля дасягнення гэтай асноўнай мэты патрэбна:
1. Захаваць і актывізаваць дзейнасць існых беларускіх цэнтраў у Канадзе і ЗША
2. Беларускім грамадскім арганізацыям неабходна быць лідарамі беларускага руху ў замежжы, гуртуючы вакол сябе беларускую грамаду; грунтаваць сваю працу найперш на прынцыпах павагі да асобы і да разнастайных меркаванняў, не зважаючы на розніцу ў палітычных, моўных, рэлігійных поглядах.
3. Падтрымліваць у беларускіх асяродках за мяжой культуру, гісторыю, мову і традыцыі – важны чыннік прысутнасці беларускай нацыі ў свеце, выкарыстоўваючы для гэтага ўсе магчымыя формы і сродкі, уключаючы Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі.
4. Больш актыўна і настойліва далучаць новую эміграцыю да беларускай грамадскай працы, аказваць пасільную дапамагу новапрыбылым і іх сем’ям, скіроўваць беларускую моладзь на набыццё адукацыі.
5. Інфармацыйна і фінансава падтрымліваць беларускія перыядычныя выданьні, асабліва беларускі эміграцыйны друк.
6. Падтрымліваць дзейнасць Рады Беларускай Народнай Рэспублікі як асноўнага палітычнага цэнтру на эміграцыі.
7. Беларускім арганізацыям прыняць за абавязак інфармаваць урады і палітычныя колы ЗША і Канады аб мэтанакіраваным знішчэнні беларускай мовы і культуры антыдэмакратычным рэжымам, пануючым на Беларусі.
8. Падтрымліваць дзейнасць беларускіх цэркваў у замежжы, як духоўных цэнтраў і апірышча для эмігрантаў.
9. Трымаць пастаянныя кантакты з Бацькаўшчынай, аказваць падтрымку сілам, якія змагаюцца супраць дыктатуры за незалежнасць і дэмакратыю.
10. Наша мэта – дабівацца ўмацавання суверэнітэту і незалежнасці беларускай дзяржавы, самаідэнтыфікацыі нацыі.
11. Працягваць традыцыю правядзення Сустрэчаў беларусаў Паўночнай Амерыкі, наступную, 31-ю Сустрэчу правесці ў Злучаных Штатах Амерыкі.
Каментарыi адключаны.