Калядны настрой, або дзіцячая “Ялінка-2013” у Таронта

DSC_2964

На Стары Новы год Галоўная ўправа Згуртаваньня беларусаў Канады і царква св. Кірылы Тураўскага зладзілі дзіцячую “Ялінку-2013”.

Наш карэспандэнт пагутарыла са старшынёй Згуртаваньня беларусаў Канады Валянцінай Шаўчэнка і даведалася пра падрабязнасьці падрыхтоўкі да сьвята і пляны на наступную “Ялінку”.

–          Праграма “Ялінкі” была цікавая і своеасаблівая. Было відаць, што дзеткам і бацькам спадабалася.  

–          Так, праграма “Ялінкі”, як заўсёды, была насычанай. Тэатралізаваная інтэрактыўная казка “Рэпка”, пастаноўка песьні “Раз марознаю зімой”, карагоды вакол ялінкі, аркестар Дзеда Мароза і сапраўдныя каляднікі зь песьнямі і гульнямі  не далі засумаваць ні бацькам, ні дзеткам. А ахвотнікаў распавесьці верш, прасьпяваць ці станчыць і атрымаць падарунак ад  Дзеда Мароза было столькі, што ім прыйшлося займаць чаргу.  Згуртаваньне беларусаў Канады і царква сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта штогод ладзяць “Ялінку” для самых маленькіх нашых сяброў, і я вельмі ўсьцешаная тым, што заўсёды зьбіраецца шмат ахвотных падараваць дзеткам сьвята. Хачу сказаць гэтым людзям вялікі дзякуй за дапамогу ў падрыхтоўцы да “Ялінкі”, за тую сьвяточную атмасфэру і цеплыню. Наогул, у гэтым годзе ў нас атрымаўся проста шыкоўны ранішнік.

–          Сёлета і падарункі ў вас незвычайныя. Самаробныя. І выстава цудоўная.

Так склалася, што падарункі на ялінку штогод рыхтуе царква сьв. Кірылы Тураўскага. А ў гэтым годзе бацькі вырашылі далучыцца і зрабіць частку падарункаў сваімі рукамі, бо дзяцей у Канадзе цяжка зьдзівіць падарункамі, калі гэта не сапраўдны кабрыялет ці кампутар “Apple”. І вось доўгімі зімовымі вечарамі ў клюбе майстроў і майстрых, нядаўна створаным на базе ЗБК, бацькі займаліся вырабам цацак для ялінкі. Да гэтай справы далучыліся ня толькі мамы, але і таты (аўт.- сьмяецца). Наш цацачны марафон пачаўся загадзя, у кастрычніку, каб пасьпець да сьвята нашыць, навязаць конікаў, хамелеонаў, кажаноў, жырафаў ды іншых цікавых істот. І настолькі бацькі захапіліся гэтым заняткам, што ў выніку кожнае дзіця атрымала сваю непаўторную ёлачную цацку-абярэг зь беларускім старажытным імём, напрыклад, такім, як, Харытон, Агрыпіна, Пелагея, а яшчэ — паштоўку-фотаздымак да сваёй цацкі. Самае цікавае ў гэтай гісторыі, што ўжо ёсьць ідэі самаробных падарункаў і на наступны год.

Сёлета ўпершыню ЗБК зладзіла выставу дзіцячай творчасьці “Калядны настрой-2013”. Мы вельмі радыя, што дзеткі ўзялі актыўны ўдзел у нашай выставе, якая, напраўду, стварыла адпаведны ўтульна-калядны настрой у беларускім цэнтры. Замілоўвае тое, што можна пабачыць нават працы немаўлятак – дзяцей да году.

–          А чым адметная беларуская “Ялінка” ў Канадзе?

–          Найперш, тым, што яна праводзіцца цалкам па-беларуску, бо тут, у Канадзе, гэта вельмі важна. Рэч у тым, што некаторыя дзеткі, на жаль, беларускую мову чуюць хіба толькі тут, у нашым цэнтры, раз на год падчас ранішніка. Адна з мэтаў ЗБК – захаваньне беларускай традыцыі, у тым ліку і каляднай, таму на “Ялінку” абавязкова завітваюць каляднікі. Дзецям і дарослым вельмі падабаюцца гульні з казой, і яны ахвотна забаўляюцца з каляднікамі.

–          Валянціна, як кажуць, сьвята не паспела скончыцца, а ў вас ужо ёсць пляны на наступную “Ялінку”.  

–          Так, плянаў шмат заўсёды. Мы даўно ўжо марым пра батлейку – традыцыйны для Беларусі калядны лялечны тэатар. І дасьць Бог, ажыцьцявім нашую мару на наступны год. Таксама плянуем пашырыць наш рэпэртуар для самых маленькіх і ладзіць больш мерапрыемстваў для дзяцей. Такая запатрабаванасьць узьнікла, бо за апошнія гады ў сябраў ЗБК нарадзілася шмат дзетак, бацькі якіх жадаюць далучаць ужо змалку сваіх нашчадкаў да беларускага слова, да беларускай культуры.

Гутарыла Ганна Лябёдкіна

Здымкі Рамана Бершацкага (http://www.romandesign.ca)

Фотарэпартаж з “Ялінкі- 2013”:

DSC_2947

DSC_2965

DSC_2975

DSC_2914

Больш фотаў магчыма паглядзець тут

Каментарыi адключаны.