Святкаванне 25-га Сакавіка ў Атаве.
Беларусы Атавы правялі традыцыйную ўрачыстую вечарыну, прысвечаную 93-й гадавіне Абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.
Вечарына распачалася з Малітвы за Беларусь і Беларускі Народ, якую прачытаў Метрапаліт Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Ўладыка Святаслаў.
З прывітальным словам выступіла Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла, якая павіншавала ўсіх прысутных з вялікім нацыянальным святам. У сваім выступленні спадарыня Івонка Сурвіла зазначыла, што трэба засяроджваць увагу беларускай супольнасці на значэнні Свята 25-га сакавіка як пачатку адраджэння беларускай дзяржаўнасці. Бо, менавіта, сёняшняе існаванне краіны Беларусь з’яўляецца вынікам працы тысячы беларусаў, а БНР была тым першым крокам, з якога Беларусь пачала сваё адраджэнне.
Гісторык Наталля Гардзіенка, якая працуе гэтымі днямі ў Атаве над стварэннем кнігі Беларусы Канады, ў сваёй прамове расказала пра гісторыю і традыцыі святкавання 25-га Сакавіка, пачынаючы з дня стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Пётр Мурзенак правеў беларускую дыктоўку. Беларуская дыктоўка ўжо стала традыцыйнай часткай сустрэч беларусаў Атавы. Перад пачаткам дыктоўкі Пётр падвеў вынікі папярэдняй, а потым зачытаў натхняючы тэкст з кнігі класіка беларускай літаратуры Ўладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім.”
Напрыканцы імпрэзы адбыўся канцэрт, дзе выступілі госці з Таронта – фальклёрны гурт “Яваровы Людзі”, які ў гэтым годзе адзначае свой дзесяцігадовы юбілей. Таксама выступіў атаўскі струнны дуэт “Кантабіле”, праспявала кранаючыя беларускія рамансы Валянціна Шаўчэнка, парадавалі гледачоў некалькімі сучаснымі танцамі дуэты Ўладзіміра і Ірэны Клімковічаў і маладзейшых Аляксея Ціпенка і Агаты Логвінай.
Вечарына прайшла ў добрым святочным настроі.
Каментарыi адключаны.