80 год споўнілася АНАТОЛЮ ІВАНАВІЧУ ХРАНОЎСКАМУ

Анатоль Іванавіч Храноўскі – знакаміты дзеяч беларускай эміграцыі ў Паўночнай Амерыцы, справіў сёлета 80-гадовы юбілей. Анатоль Іванавіч Храноўскі нарадзіўся 3 сакавіка 1934 года ў Слоніме. Пасьля другой сусьветнай вайны разам з бацькамі вымушана апынуўся на Захадзе, а з 1949 года прыехаў у Манрэаль, Канада. У гэтым горадзе жыў увесь і толькі нядаўна перабраўся ў невялікі гарадок Саттон, што блізу граніцы са Злучанымі Штатамі.

hrenovsky

Анатоль Іванавіч Храноўскі мае цудоўную сям’ю, жонку Крыстыну, дачок, Ларысу і Алёну, і сыноў Антона і Рыгора. Сям’я ў жыцьці кожнага чалавека адыгрывае важнейшую роль. Сям’я ж Анатоля Храноўскага выключная яшчэ і ў тым, што прымала самы актыўны ўдзел у жыцьці беларусаў у Манрэалі і Квебеку, дзе лідэрам быў Анатоль Храноўскі. У першую чаргу, галоўным памочнікам Анатоля ва ўсіх беларускіх справах ёсьць ягоная жонка Крыстына. Дзякуючы ёй і Анатолю ў сям’і падтрымліваюцца беларуская мова, традыцыі і беларускі дух.

Калі казаць пра грамадскае жыцьцё Анатоля Іванавіча, то трэба ў першую чаргу сказаць, што ён з’яўляецца сябрам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Па-другое, дзякуючы яго намаганьням 25 год таму назад (1989) было ўтворана Згуртаваньне Беларусаў у Квебеку, якое ён узначальваў увесь гэты час. Дзякуючы яго намаганьням беларусы былі прадстаўлены на розных значных падзеях і мерапрыемствах, дзе ўдзельнічалі людзі розных культур, што жывуць у Канадзе; у прыватнасьці арганізаваны беларускі куточак ў Saint Joseph Oratorium (Montreal), беларуская частка выставы ў музеі розных культур у Rawdon. Шмат было зроблена на карысьць беларускай справы – яднаньне беларусаў, арганізацыя сьвятаў і імпрэзаў, выданьне часопіса “ПРАМЕНЬ”, удзел у палітычных акцыях.

Каментарыi адключаны.