
Беларускі канцэрт у Мантрэалі





У красавіку 2023 г быў створаны Аддзел ЗБК у Манрэалі. Каб павіншаваць беларусаў Манрэаля і адзначыць новую старонку ў гісторыі Манрэальскай суполкі, Галоўная Ўправа ЗБК супольна з БіНіМ Канада арганізавалі вялікі канцэрт для ўсёй сям’і, які адбыўся 4га чэрвеня. На канцэрт прыехалі артысты і госці з Атавы і Таронта, у залі La terrasse сабралася блізу 100 чалавек.
Урачыстая імпрэза распачалася малітвай за Беларусь, якую прачытаў Айцец Вячаслаў Кучук, святар Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Свае віншаванні беларусам Манрэалю даслала Старшыня Рады БНР сп. Івонка Сурвіла. Яна нагадала аб актыўнай дзейнасці Манрэальскай суполкі раней і перадала новастворанаму Аддзелу ЗБК сімвалічны падарунак – плакат з абвесткай святкавання Дня Волі і канцэрту Данчыка ў Манрэалі ў 1980г. Павіншаваў прысутных і доктар Пятро Мурзёнак, Старшыня БіНіМ у Канадзе, у сваёй прамове ён падкрэсліў багатую гісторыю беларускіх культурных і асветніцкіх праектаў у Канадзе і запрасіў далучацца да дзейнасці Інстытута. Цудоўным аздабленнем канцэртнай залі былі карціны атаўскай мастачкі Алены Ляпко, сяброўкі БіНіМ.
У першым аддзяленні канцэрту музыкі з Атавы прадставілі творы беларускіх кампазітараў, свае вершы прачытаў Юрась Шамецька пад акампанемент дуэта Кантабіле, так сама ў канцэрце ўдзельнічалі Ніна Гордан і Эмілі Лакстан. А прыгажосцю і глыбінёй беларускай фальклорнай традыцыі захапілі гледачоў спевакі фолк-гурта Яваровы Людзі ў другім аддзяленні канцэрту. Госці не толькі слухалі бяседныя, купальскія, вясельныя песні, а ячшэ і вадзілі веснавыя карагоды, і нават узялі ўдзел у імправізаваным майстар-класы па беларускіх танцах.
Старшыня Манрэальскага Аддзелу ЗБК сп. Алесь Лях падзякаваў украінскаму валанцёрскаму цэнтру La Terrace за тое, што ён прыняў беларускі канцэрт у сваёй залі, а таксама ўсім манрэальскім валанцёрам, каторыя дапамаглі аздобіць залю і стварылі маленькую беларускую выспу ў цэнтры Манрэалю.
Калі ласка, распавядзіце сваім родным і сябрам ў Манрэалі пра наш новы Аддзел і запрасіце іх далучыцца да мерампрыемстваў, а таксама сачыць за навінамі беларускага жыцця ў Манрэалі праз сацсеткі і сайт ЗБК.
Уваход вольны!
Каментарыi адключаны.