Заява Рады БНР

Зважаючы на абвяшчэньне афіцыйнымі ўладамі Беларусі выбараў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь на 9 жніўня 2020 г. і на пачатак вылучэньня кандыдатаў, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заяўляе наступнае:

1. На дадзены момант у Беларусі надалей адсутнічаюць умовы для правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў, якія б адпавядалі як міжнародным стандартам, у тым ліку міжнародным абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь, так і літары і духу дзеючага законадаўства Рэспублікі Беларусь. Створаныя перашкоды для вылучэньня кандыдатаў, альтэрнатыўных А. Лукашэнку. Сярод іншага, адсутнічаюць умовы для правядзеньня выбарчай кампаніі, у якой усе кандыдаты мелі б аднолькавыя магчымасьці, а таксама для прадухіленьня адміністратыўнага ціску на выбарцаў. Адсутнічаюць умовы для незалежнага кантроля і назіраньня за працэсам падліку галасоў, што ў чарговы раз стварае небясьпеку масавых фальсыфікацый вынікаў галасаваньня.

2. Зважаючы на незаконнасьць рэфэрэндума 2004 года, па выніках якога было скасаванае абмежаваньне колькасьці тэрмінаў, якія адна асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, А. Лукашэнка ня мае законнага права вылучаць сваю кандыдатуру на выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

3. Пандэмія каранавіруса стварае дадатковыя рызыкі, зьвязаныя з арганізацыяй і правядзеньнем выбараў у гэты пэрыяд. Правядзеньне масавых мерапрыемстваў, у тым ліку выбараў, у час пандэміі стварае пагрозу здароўю і жыцьцям грамадзянаў Беларусі.

Спасылаючыся на сваю заяву ад 13 кастрычніка 2015 г., прысьвечаную папярэднім выбарам Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, Рада БНР надалей заклікае ўлады Рэспублікі Беларусь і ўсе зацікаўленыя бакі:

– Гарантаваць грамадзянам Беларусі дэмакратычныя правы і свабоды, замацаваныя ў тым ліку ў дзеючым законадаўстве Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дамовамі, падпісанымі Рэспублікай Беларусь;

– Стварыць у Беларусі перадумовы для правядзеньня паўнавартасных свабодных і справядлівых выбараў, пасьля чаго правесьці ў адпаведнасьці з законадаўствам Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дэмакратычнымі стандартамі перавыбары ва ўсе органы дзяржаўнай і мясцовай улады.

Рада БНР надалей заклікае міжнародную супольнасьць спрыяць дэмакратызацыі Беларусі і ажыцьцяўляць ціск на афіцыйныя ўлады Рэспублікі Беларусь з гэтаю мэтай.

Спасылаючыся на сваю заяву ад 31 сакавіка 2020 г., Рада БНР заклікае беларускія ўлады да адкрытасьці і адказнасьці перад беларускім грамадзтвам і патрабуе неадкладна прыняць усе неабходныя меры дзеля забесьпячэньня аховы здароўя людзей ва ўмовах пандэміі.

Рада Беларускае Народнае Рэспублікі заяўляе, што дэмакратычныя выбары, павага да правоў чалавека і свабода слова – гэта адзіны магчымы шлях да нацыянальнай кансалідацыі беларусаў, выхаду зь міжнароднай ізаляцыі, у якой Беларусь знаходзіцца апошнія дзесяцігодзьдзі, а таксама адзіны шлях для абароны незалежнасьці Беларусі ва ўмовах пагрозы з боку сёньняшняй нацыяналістычнай і аўтарытарнай Расеі.

Каментарыi адключаны.