
35-я сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі / 35th Summit of Belarusians in North America
31 жніўня – 2 верасня 2024 года ў Таронта прайшла 35-я сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі. Арганізатары сустрэчы – Згуртаваньне Беларусаў Канады (ЗБК) і Беларуска Амерыканскае Заадзіночаньне (БАЗА). Традыцыя сустрэч беларускай дыяспары Канады і ЗША, што адбываюцца кожныя 2 гады, пачалася ў 1952 годзе, калі прадстаўнікі абедзвюх краінаў сабраліся на канадыйскім баку Ніагарскага вадаспаду. Гэта адна з найбуйнейшых і прадстаўнічых беларускіх падзей у замежжы, арганізаваная дыяспарай і для дыяспары. На сустрэчу прыехалі беларусы Канады і ЗША, прадстаўнікі дыяспаральных арганізацый і фондаў, бізнесоўцы, даследчыкі і навукоўцы, творчыя калектывы.
Удзельнікаў сустрэчы вітала Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла. Таксама быў зачытаны прывітальны ліст ад Зянона Пазняка. У саміце прынялі ўдзел дарадца Офісу Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка і дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч.
Упершыню афіцыйным інфармацыйным партнёрам мерапрыемства стаў “Белсат”, рэпартажы пра сустрэчу глядзіце на іх ютуб канале. У якасці нфармацыйнага партнёра удзельнічаў Аляксандр Івулін – футбаліст, журналіст і блогер.
Сустрэча адбылася ў залі GVA Lighting, паспяховага высокатэхналагічнага бізнесу, які стварыў беларускі інжэнер і прадпрымальнік Уладзімір Грыгорык. GVA Lighting распрацоўвае і вырабляе ўнікальныя сістэмы для падсветкі архітэктурных аб’ектаў, спалучаючы перадавыя тэхналогіі, навуку і мастацтва, каб падкрэсліць хараство пярлінаў сусветнай архітэктуры: Луўр, Лінкальн Цэнтр, Таўэрскі мост і яшчэ дзясяткі аб’ектаў ў розных краінах свету.
На сустрэчу прыехалі прэзідэнтка Асацыяцыі Беларусаў у Амэрыцы Ганна Шарко і іншыя сябры Галоўнай Управы. Зараз сябры АБА знаходзяцца ў 25 гарадах з 14 штатаў Амэрыкі. Сярод іх лідэры беларускіх суполак, кіраўнікі беларуска амэрыканскіх нон прафіт арганізацый і ініцыятыў і вядомыя беларускія дзеячы ў ЗША. Пры падтрымцы Асацыяцыі Беларускага Бізнесу За Мяжой (АВВА) адбылася бізнес-панэль з’езду. Удзельнікі сустрэчы падзяліліся ідэямі падчас панэльных дыскусіі аб супрацы дыяспары, незалежных медыяў і бізнес-супольнасці. Гасцей чакалі прыемныя сюрпрызы ад вядомых бізнесоўцаў і блогераў, Прэзентацыі аб выбітных беларусах з дыяспараў ЗША і Канады, выступы вядомых беларускіх навукоўцаў і даследчыкаў, вялікі канцэрт канадыйскіх і амерыканскіх музыкаў.
На трэці дзень адбылася экскурсія да Беларускага Крыжа ў Мідлэндзе, помніка пакутнікам за волю Беларусі і загінулым у Курапатах. Была праведзена служба святаром Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы.
Спіс удзельнікаў сустрэчы ўражвае: ● Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ● Аддзелы Згуртавання Беларусаў Канады – Атавы, Манрэаля, Альберты ● Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква, Парафія Св Кірылы Тураўскага ● Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне БАЗА Вашынгтон, Фларыда, Нью Ёрк ● Асацыяцыя Беларусаў у Амерыцы АВА ● Асацыяцыя Беларускага Бізнесу за Мяжой АВВА ● Беларускі Інстытут Навукі й Маствцтва імя Скарыны БІНІМ Канада ● Беларускі Інстытут Навукі й Маствцтва імя Скарыны БІНІМ ЗША – Юрась Кіпель ● Фундацыя Крэчэўскага – Валянціна Трыгубовіч ● Выдавецтва Скарына Прэс – Ігар Іваноў ● Выдавецтва Грунвальд – Вольга Яноўская ● Беларусы Чыкага – Жана Чарняўская ● Беларусы Осціна – Сяргей Адзінец ● Кіраўнік Фонда Байсол – Андрэй Стрыжак ● Ініцыятыва INeedHelpBY – Піліп Гаўрышаў ● Дарадца Офісу Святланы Ціханоўскай – Франак Вячорка ● Дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных Рэформах – Алесь Аляхновіч ● Сябра Каардынацынай Рады трэцяга склікання Марыя Яфімава ● Тэлеканал Белсат – Сяргей Падсасонны ● Блогер і спартовы журналіст – Аляксандр Івулін ● Грамадская ініцыятыва Вольныя – Вераніка Станкевіч ● Беларускі Расследавальніцкі Цэнтр – Бектур Іскэндэр
Дзякуем кампаніям, арганізацыям і людзям, без якіх нашая сустрэча магла б і не атрымацца. Нашы дарагія спонсары і партнеры: GVA Lightning – іннавацыйныя LED сістэмы архітэктурнага асвятлення. DK Transportation – грузавыя перавозкі па Канадзе і Злучаным Штатам. Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква, Парафія Св Кірылы Тураўскага. Амбасадар Асацыяцыі Беларускага Бізнесу за Мяжой ў Мінэсоце, заснавальнік і СЕО Wine&Spirits – Віктар Шаўчук. Сябра Асацыяцыі Беларускага Бізнесу за Мяжой, заснавальнік Flatlogic – Філіп Дайнэка. Сябра Асацыяцыі Беларускага Бізнесу за Мяжой, заснавальнік GEV – Віталь Самсонаў. Генеральны дырэктар SOKOL GXP Services – Антон Белянскі.









Каментарыi адключаны.