Да 35-х угодкаў аднаўленьня Незалежнасьці

Заява Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет тагачаснай БССР надаў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону. Беларусь дэ-юрэ зрабілася незалежнай дзяржавай.

Гэта зрабілася магчымым дзякуючы намаганьням дэпутацкай Апазыцыі БНФ, тысячаў актывістаў Народнага Фронту ды беларускіх патрыётаў, якія ўсьведамлялі неабходнасьць скарыстаць гістарычны шанец. І шанец гэты быў скарыстаны: беларукі народ вярнуў сябе тое, за што змагаўся пакаленьнямі – Незалежнасьць.

Спраўдзілася мара паўстанцаў Каліноўскага, заснавальнікаў і абаронцаў БНР, усіх, хто ня мог зьмірыцца зь існаваньнем пад акупацыяй Расейскай імпэрыі.

Беларусь атрымала ўсе прававыя падставы для самастойнага разьвіцьця і мела для гэтага ўсе магчымасьці, галоўным зь якіх быў таленавіты, адказны і працавіты народ. Але стагодзьдзі вынішчэньня нацыянальнай сьвядомасьці не дазволілі асэнсаваць небясьпеку, якую несла імпэрская Расея, і ў 1994 годзе Маскве ўдалося правесьці свайго стаўленіка.

З гэтага часу, вось ужо больш як тры дзесяцігодзьдзі, краіна губляе сувэрэнітэт у палітычнай, эканамічнай, вайсковай сфэрах. Зьнішчаецца нацыянальная культура, беларуская мова, беларускі кнігадрук, вынішчаецца гістарычная памяць.

Пасьля 2020-га году, калі беларусы выступілі ў абарону права выбіраць уладу, маштаб рэпрэсіяў дасягнуў сталінскіх.

Выціснуўшы сотні тысяч беларусаў у вымушаную эміграцыю, прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі імкнецца раз’яднаць беларусаў, падзяліць нацыю на тых, хто ў Беларусі і тых, хто на чужыне.

Супрацьстаяць гэтаму можна толькі ўсьведамляючы еднасьць нашае мэты – захаваньня Беларусі як дзяржавы і зьберажэньня таго, што адрозьнівае беларускую нацыю ад іншых нацый – яе мовы, яе культуры, яе пакутнай, але адначасна і гераічнай гісторыі.

Яшчэ за некалькі дзён да 25 жніўня 1991 году мала хто верыў, што Беларусь абвесьціць Незалежнасьць. Але верылі тыя, хто працаваў ў імя гэтага і змагаўся.

Будзьма ж верыць у сьветлую будучыню нашай Бацькаўшчыны і змагацца за яе!

З Днём Незалежнасьці!

Жыве Беларусь!

25 жніўня 2026 г.

Comments are turned off.